Вайсковыя экспэрты заяўляюць, што Расея ўзяла «апэратыўную» паўзу, каб аднавіць страты і прадоўжыць свой наступ на паўднёвым і ўсходнім кірунках ва Ўкраіне. Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу ў адказ на гэта заявіў, што расейскія войскі наўмысна запаволілі «спэцыяльную апэрацыю», каб нібыта «мінімізаваць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва».
Аднак найбольшую колькасьць ракет расейскія войскі нацэльваюць менавіта на цывільныя аб’екты і жылыя кварталы ва ўкраінскіх гарадах.
Небясьпека вакол Запароскай АЭС застаецца
У ноч на 26 жніўня Расея павялічыла геаграфію абстрэлаў па Днепрапятроўскай вобласьці. Расейскія войскі запускалі ракеты па Нікапальскім, Сінельнікаўскім і Крывароскім раёнах. Гэтыя рэгіёны абстрэльваюцца з другога боку ракі Дняпро — якраз насупраць знаходзяцца захоплены Энэргадар і Запароская АЭС, якая напярэдадні спыніла працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна вярнула ў энэргасеткі першы з трох спыненых блёкаў Запароскай АЭС. МАГАТЭ патрабуе тэрміновую місіюРасейскія войскі такім чынам правакуюць украінскую армію на абстрэлы ў адказ, каб стварыць небясьпеку для АЭС, але ў апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» сьцьвярджаюць, што ня могуць адказваць, улічваючы небясьпечную блізкасьць да атамнай станцыі.
Як паведамляюць улады Днепрапятроўскай вобласьці, ва ўсіх раёнах ёсьць разбурэньні. У Нікапалі пашкоджаны зь дзясятак прыватных будынкаў, школа, санаторый, перабітая лінія электраперадач — горад застаўся безь сьвятла.
У Сінельнікаўскім раёне пацярпела сельскагаспадарчае і дарожная прадпрыемствы, загарэўся ангар з тэхнікай. Цудам удалося пазьбегнуць ахвяр сярод мірнага насельніцтва.
Уначы расейцы таксама абстралялі чатыры населеныя пункты Запароскай вобласьці — Новадараўка, Прэабражэнка, Арэхаў і Сьцепнагорск.
На ўсходзе цэлі расейскіх сіл застаюцца ранейшымі — Бахмут, Славянск, Аўдзееўка, Салядар, але, паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, посьпеху і там няма — украінскія войскі трымаюць свае пазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну мяжу Эўразьвязу перасек амаль мільён расейцаўВыведнікі патлумачылі, чаму наступы Расеі беспасьпяховыя
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі перакананыя, што наступ Расеі застопарыўся праз дрэнныя ваенныя дзеяньні расейскага войска і жорсткае супраціўленьне Ўкраіны. У выніку расейскія войскі неаднаразова парушалі заплянаваныя апэратыўныя тэрміны ў захопе тэрыторый, як гэта вызначалі загады расейскага міністра абароны Сяргея Шайгу.
Паводле брытанскай выведкі, вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расеі, імаверна, звольніла з пасад сама меней шэсьць генэралаў за недастаткова хуткае прасоўваньне ва Ўкраіне.
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Расея сутыкнецца з сур’ёзнымі перашкодамі для хуткага павелічэньня колькасьці арміі, як гэта прадугледжана ўказам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Паводле экспэртаў, ужо цяпер зьменшылася колькасьць ахвотных ваяваць ва Ўкраіне, а новы восеньскі прызыў прадугледжвае толькі каля 130 тысяч навабранцаў.
«У якасьці альтэрнатывы Крэмль можа выкарыстаць дадатковую сілу, каб фармальна далучыць да расейскіх вайскоўцаў сілы „ДЛНР“ і/або новыя расейскія добраахвотніцкія атрады, якія фармальна не ўваходзяць у склад расейскага войска. Але гэтая колькасьць будзе вельмі нязначнай», — мяркуюць у ISW.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія войскі сотні разоў прымянялі забароненыя касэтныя боепрыпасы ва Ўкраіне, — дакладВа Ўкраіне заявілі, што контранаступ ужо пачалі
У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» патлумачылі, што ўкраінскае войска ўжо праводзіць контранаступ, і ягоная галоўная мэта на першым этапе — зьнішчэньне ў тыле расейскіх войскаў складоў з боепрыпасамі і апорных пунктаў.
«Авіяцыя нанесла ўдары па раёнах канцэнтрацыі падразьдзяленьняў і складзе боепрыпасаў у Архангельскім (Херсонская вобласьць. — РС) і ў Бурханаўцы (Мікалаеўская вобласьць. — РС), а таксама па сродках супрацьпаветранай абароны ворага ў Херсоне і Новаваскрасенскім (Херсонская вобласьць. — РС)», — паведамілі ў камандаваньні.
Згодна з паведамленьнем, зьнішчаны вузел сувязі 98-га парашутна-дэсантнага палка Расеі і адзін склад з боепрыпасамі. «Іншыя страты ворага высьвятляюцца», — дадалі ў апэратыўным камандаваньні «Поўдзень».
Ва Ўкраіне адказалі Лукашэнку на абстрэлы зь Беларусі ў Дзень Незалежнасьці
Міністэрства абароны Ўкраіны адрэагавала на віншаваньне Аляксандра Лукашэнка, апублікаванае на ягоным афіцыйным сайце, у якім ён пажадаў украінцам у Дзень Незалежнасьці мірнага неба.
«У наш Дзень Незалежнасьці дыктатар Лукашэнка павіншаваў Украіну і пажадаў нам мірнага неба... у якасьці „падарунка“ зноў былі запушчаныя ракеты зь Беларусі на Ўкраіну. Зычым Лукашэнку такога ж мірнага неба... і ўзьяднаньня зь ягонымі добрымі сябрамі Хусэйнам і Кадафі», — паведамляецца на афіцыйнай старонцы Мінабароны Ўкраіны ў Twitter.
Напярэдадні стала вядома, што Генэральная пракуратура Беларусі завяла некалькі крымінальных спраў на дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксея Ганчарэнку за ягоныя рэзкія камэнтары да віншаваньня Аляксандрам Лукашэнкам украінцаў з Днём Незалежнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка пажадаў Украіне на Дзень Незалежнасьці мірнага неба, не згадаўшы абстрэлы з тэрыторыі Беларусі. У Кіеве адказаліГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна вярнула ў энэргасеткі першы з трох спыненых блёкаў Запароскай АЭС. МАГАТЭ патрабуе тэрміновую місіюВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.