Вялікая Брытанія перадасьць Украіне дроны і боепрыпасы на $63,5 млн

Борыс Джонсан з Уладзімірам Зяленскім у Кіеве, 24 жніўня 2022

Офіс брытанскага прэм’ер-міністра Борыса Джонсана заявіў аб выдзяленьні Ўкраіне вайсковай дапамогі на 63,5 млн даляраў.

Новы пакет уключае ў тым ліку 2000 сучасных дронаў для назіраньня і супрацьтанкавыя боепрыпасы.

Украіна таксама атрымае 850 нанадронаў Black Hornet, распрацаваных для вядзеньня выведвальных дзеяньняў у гарадзкіх і сельскіх умовах. У канцылярыі прэмʼер-міністра ўдакладнілі, што памер гэтых дронаў ня большы за мабільны тэлефон, а навучыцца кіраваць імі можна на працягу 20 хвілін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Борыс Джонсан трэці раз за час вайны прыехаў у Кіеў. Яго сядзібу ў Лёндане аздобілі кветкамі ў колерах сьцяга Ўкраіны. ФОТА

Акрамя гэтага пакету дапамогі, Украіна атрымае ад Вялікай Брытаніі спэцыяльныя супрацьмінныя катэры з сучасным абсталяваньнем, якія дазваляюць абясшкоджваць марскія міны ў прыбярэжнай акваторыі. Украінскія вайскоўцы пройдуць навучаньне на гэтых катэрах у Вялікай Брытаніі ў наступныя некалькі тыдняў.

Вялікая Брытанія падтрымлівае Ўкраіну ў вайне з Расеяй зь першага дня канфлікту. Усяго зь лютага па жнівень 2022 году Ўкраіна атрымала ад Лёндану вайсковую дапамогу на суму 2,7 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн, Джонсан, Макрон і Шольц заклікалі пазьбягаць ваенных дзеяньняў паблізу Запароскай АЭС