Гэтымі днямі ў беларускім сэгмэнце сацыяльных сетак зьявіліся допісы, што праз больш як тры дзесяцігодзьдзі пасьля путчу, які пацярпеў паразу 21 жніўня 1991-га, можна сьмела канстатаваць: стратэгічна ГКЧПісты перамаглі.
Яшчэ болей допісаў такога кшталту — у расейскіх карыстальнікаў.
І сапраўды: путчысты жадалі вярнуць грамадзтва ў сытуацыю да пачатку гарбачоўскай перабудовы, у які-небудзь «чарненкаўскі» люты 1985-га, а цяпер і беларусы, і расейцы жывуць ў орўэлаўскім 1984-м. Ва ўсялякім разе, за лёзунг «Не вайне!» ці спалучэньне белых ды чырвоных колераў не садзілі нават пры Сталіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці перамог путч 1991 году? Дыскусія экспэртаўАднак існуюць два фактары, якія не дазваляюць беларусам, адрозна ад расейцаў, «абнуляць» вынікі перамогі над путчыстамі.
Першы — характар атмасфэры пачатку 90-х. У Расеі ён вызначаўся пачаткам капіталізму, імгненным сацыяльным расколам, калі некалькі тысяч сем’яў сумнеўным нават з пункту гледжаньня расейскіх законаў шляхам авалодалі 90% нацыянальнага багацьця, а дзясяткі мільёнаў пагрузіліся ў галечу. У Беларусі, пры ўсёй карумпаванасьці кебічаўскага дзяржапарату, не было ні такога кантрасту, ні такога маштабу крыміналітэту.
Але было іншае: уздым нацыянальнага Адраджэньня. І тыя некалькі гадоў (1991-1993) заклалі энэргетыку нагэтулькі моцную, што яна адгукаецца і ў пакаленьні, народжданым ужо пры Лукашэнку — прыгадайце стомэтровыя бел-чырвона-белыя сьцягі два гады таму. І, падмацаваная жніўнем 2020-га, яна яшчэ дасьць свой плён.
Але галоўны вынік жніўня 1991-га — гэта, канешне, Незалежнасьць.
Усё часьцей кажуць, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй Расеі, але ўявіце, што яна была б часткай РФ юрыдычна.
Так, сёньня залежны ад Пуціна Лукашэнка прадставіў тэрыторыю для нападу і абстрэлу Ўкраіны. Але ў тым выпадку, калі б Беларусь была субʼектам Расейскай Фэдэрацыі, у гарады ды вёскі ўжо паўгады ішлі б сотні, калі ня тысячы трунаў.
Можна, канешне, казаць і пра іншыя выгоды перамогі ў жніўні 91-га, але ці можа быць нешта важнейшае за чалавечыя жыцьці?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Жнівеньскі путч у СССР: хто, супраць каго і навошта, і як на гэтым выйграла БеларусьДумкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.