Полк Каліноўскага патлумачыў прычыны звальненьня «Варага» — камандзіра аднаго з батальёнаў

19 жніўня стала вядома, што рашэньнем камандаваньня воінскай часткі УСУ камандзір батальёна «Тэрор» з пазыўным «Вараг» быў звольнены.

Таксама байцы, якія не пагадзіліся з гэтым рашэньнем, былі адасоблены ад Палка з захаваньнем за сабой назвы падразьдзяленьня «Тэрор». Пра прычыны звальненьня байца «Нашай Ніве» расказалі ў прэс-службе Палка.

«Баец з пазыўным „Вараг“ быў звольнены з Узброеных сіл Украіны з прычыны дысцыплінарных парушэньняў. Частка ваяроў батальёна „Тэрор“ вырашыла застацца зь ім — яны былі нязгодныя, што яго звольнілі з прычыны гэтых парушэньняў.

Канкрэтнае парушэньне з яго боку — прымяненьне гвалту ў дачыненьні да байцоў з прычыны асабістых непаразуменьняў.

Рашэньне аб яго звальненьні прымала тая частка кіраўніцтва УСУ, якой наш Полк падпарадкоўваецца. Полк таксама не падтрымлівае такіх паводзін», — адказалі ў прэс-службе.

Звольнены «Вараг» быў адным з галоўных дзейных асобаў у нядаўнім канфлікце з удзелам таксама ўжо былога байца Палка Паўла Кулажанкі — менавіта «Вараг» яго «вучыў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Называюць чалавекам «Боцмана», меў канфлікт зь іншымі беларусамі-добраахвотнікамі. Хто такі «Вараг», якога звольнілі з палку Каліноўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага адмовіўся ад супрацы з дэмакратычнымі сіламі: «Ніхто не прапанаваў канкрэтнага пляну вызваленьня Беларусі ад акупацыі»