Ужо сёньня: дзень памяці Яна Станкевіча

Ян Станкевіч. Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы. Рэґенсбурґ, 1947.

Падзеі 16 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

16 жніўня 1976 году памёр Ян Станкевіч, беларускі мовазнаўца, гісторык, палітычны дзяяч.

Ян Станкевіч

Таксама ў гэты дзень

1941 — у СССР апублікавалі загад, паводле якога чырвонаармейцы, якія здаліся ў палон, абвяшчаліся здраднікамі, а іх сем’і пазбаўляліся дзяржаўнай падтрымкі.

1945 — у Маскве паміж СССР і Польшчай падпісалі дамову аб савецка-польскай мяжы, у аснову якой была пакладзеная «лінія Керзона», прапанаваная яшчэ ў 1919–1920 гадах. Згодна з дамовай ад Беларусі да Польшчы адышла амаль уся Беластоцкая вобласьць у складзе 17 раёнаў з абласным цэнтрам і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. У межах польскай дзяржавы апынулася значная колькасьць беларускага насельніцтва.

1960 — Кіпр абвешчаны самастойнай дзяржавай.

1995 — большасьць насельніцтва Бэрмудзкіх астравоў на рэфэрэндуме прагаласавалі супраць незалежнасьці і за захаваньне статусу брытанскай калёніі.

У гэты дзень нарадзіліся

1874 ― Аляксандар Уласаў, беларускі грамадзкі дзяяч, рэдактар-выдавец газэты «Наша ніва», сэнатар у міжваеннай Польскай Рэспубліцы.

1878 ― Дамінік Сямашка, беларускі й літоўскі грамадзка-палітычны дзяяч.

1903 – Мікола Абрамчык, прэзыдэнт БНР. Такая дата пазначана ў Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі.​ Паводле іншых зьвестак, ён нарадзіўся 6 жніўня 1903 году.

Мікола Абрамчык і Натальля Арсеньнева

1935 — Аляксандар Падлужны, беларускі мовазнаўца.

У памяці

1977 ― Элвіс Прэсьлі, амэрыканскі сьпявак, кароль рок-н-ролу.​

Элвіс Прэсьлі

1990 ― Язэп Семяжон, беларускі перакладнік і паэт.