Хроніка перасьледу 12 жніўня: 6 гадоў калёніі 21-гадоваму гарадзенцу; яшчэ 17 чалавек прызналі палітвязьнямі

Беларусаў надалей перасьледуюць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Затрымалі маці сьпявачкі Рыты Дакоты

Інфармацыя пра затрыманьне зьявілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Жанчыну нібыта абвінавачваецца ва ўдзеле ў пратэставых акцыях і ёй пагражае крымінальная справа.

Рыта Дакота — расейска-беларуская сьпявачка. У 2020 годзе падтрымала пратэсты і выпусьціла песьню «Уходи», якую адрасавала Аляксандру Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За рэпост фота Кім Чэн Ына з вусамі далі два гады «хатняй хіміі»

За заклікі да супраціву і гвалту гарадзенца асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму

Суд Ленінскага раёна Горадні вынес прысуд 21-гадоваму Аляксею Багдзею. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (арт. 293 КК) і прысудзілі 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Справу разглядаў судзьдзя Максім Галубовіч, паведамляе «Вясна».

Суд быў на пачатку ліпеня, але праваабаронцам стала вядома пра яго толькі цяпер. Апэляцыйную скаргу на прысуд разгледзелі 4 жніўня, прысуд пакінулі бязь зьменаў.

З матэрыялаў абвінавачаньня вядома, што Аляксей у жніўні 2020 году ў тэлеграм-канале «Гродно для жизни» зьмяшчаў паведамленьні з заклікамі да гвалтоўных дзеяньняў, пісаў пра выраб кактэйляў Молатава, заклікаў да зрынаньня дзейнай улады, ужываньня гвалту, блякаваньня праездаў, супраціву прадстаўнікам улады.

Лінгвістычная экспэртыза прыйшла да высновы, што ў паведамленьнях ёсьць «выказваньні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў і дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды адной групай асобаў у дачыненьні да другой».

Падчас суду Багдзей віну прызнаў цалкам, але даваць паказаньні адмовіўся.

14 чэрвеня КДБ унёс Аляксея Багдзея ў сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтцы з «тэрарыстычнага сьпісу» прысудзілі 6,5 года зьняволеньня за антываенны пост

У Гомлі асудзілі дэпартаванага з Расеі жыхара Жлобіна Віталя Гузава

Гомельскі абласны суд завяршыў разгляд крымінальнай справы жыхара Жлобіна Віталя Гузава, які абвінавачваўся ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы (ч.1 арт 130) і абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368).

Судовае пасяджэньне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасьцяў справы няма. Судзьдзя — Мікалай Доля. Па выніках разгляду справы Гузаву прысудзілі 2 гады 6 месяцаў калёніі агкльнага рэжыму, паведамляе«Вясна».

Вядома, што Віталю 36 год. У лютым 2021 году сілавікі пасьля рашэньня аб дэпартацыі вывезьлі яго з Расеі ў Беларусь, паколькі абвінавачаны знаходзіўся ў вышуку. Адразу пасьля дэпартацыі сувязь зь ім прапала.

Працягваюцца затрыманьні родных «каліноўцаў»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне жыхара Бабруйска Сяргея Франчука. На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасьля выбараў, а таксама ў тым, што пісаў нэгатыўныя камэнтары пра супрацоўнікаў міліцыі. Папярэдне, Франчуку прызначылі 15 дзён арышту за «непадпарадкаваньне», паведамляе«Вясна».

На відэа ён кажа, што зьяўляецца стрыечным братам намесьніка камандзіра ў Палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Ёсьць інфармацыя, што падчас затрыманьня Сяргея моцна зьбілі – на «пакаяльным відэа» ён стаіць з залепленым ілбом.

Раней паведамлялася, што былі затрыманыя родныя загінулага байца Палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Парфянкова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На судзе плакалі і прасілі, каб ня „шылі“ таго, чаго не было». Стала вядома, як судзілі маці і сястру загінулага каліноўца Парфянкова

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 17 чалавек

12 жніўня беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ 17 чалавек, пазбаўленых волі за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), судзьдзяў і зьнявагу дзяржавы і дзяржаўных сымбаляў:

  1. Васіль Чых, асуджаны па арт. 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» на 1,5 года папраўчай калёніі агульнага рэжыму;
  2. Натальля Леановіч, асуджаная па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі на 2 гады калёніі;
  3. Віктар Хлябец, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады на 1 год і 6 месяцаў калёніі;
  4. Юры Голік, асуджаны па ч. 2 арт. 367 КК за паклеп на А. Лукашэнку на 2 гады калёніі;
  5. Уладзіслаў Плюшчоў, асуджаны па арт. 188 і 369 КК за паклёп і абразу прадстаўніка ўлады на 2 гады калёніі;
  6. Валеры Кліменчанка, асуджаны па ч. 1 арт. 130 КК за распальваньне сацыяльнай варожасьці ў «справе Зельцара» на 2 гады калёніі;
  7. Іван Янчанка, асуджаны па ч. 1 арт. 130 КК за распальваньне сацыяльнай варожасьці па «справе Зельцара» на 2 гады калёніі;
  8. Натальля Таран, асуджаная па ч. 1 арт. 368, ч. 2 арт. 367 і арт. 369 за абразу, паклёп у дачыненьні да А. Лукашэнкі і абразу прадстаўніка ўлады на 3 гады і 6 месяцаў калёніі;
  9. Віктар Несьцераў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  10. Валеры Елісееў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  11. Віталь Прадыбайлаў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  12. Кірыл Давідзюк, узяты пад варту па арт. 370 за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў;
  13. Сяргей Кірэенка, узяты пад варту па арт. 130 ч. 1, 369 КК у «справе Зельцара»;
  14. Дзьмітры Рыбак, узяты пад варту па арт. 368, 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады;
  15. Алег Чычыкайла, узяты пад варту па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;
  16. Віталь Янчанка, узяты пад варту за збор і перадачу тэлеграм-каналу інфармацыі аб недахопах у працы сацыяльных аб’ектаў, а таксама фота і відэа перамяшчэньня вайсковай тэхнікі ў Гомельскай вобласьці, якую перадаваў «экстрэмісцкім» каналам;
  17. Андрэй Славашэвіч, узяты пад варту па арт. 370 КК за зламанае дрэўка дзяржаўнага сьцяга.

Па стане на 12 жніўня беларускія праваабаронцы прызналі палітычнамі зьняволенымі ўжо 1276 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі з 9 жніўня 2020 году завялі 11 тысяч «пратэставых» крымінальных справаў

Краязнаўцу і журналіста Ігара Хмару затрымалі за размову на беларускай мове на вуліцы

Пра гэта стала вядома ад чалавека, які знаходзіўся з Ігарам на Акрэсьціна, паведамляе «Вясна». Праваабаронцы адзначаюць, што гэта не адзінкавы выпадак — акрамя Ігара, на Акрэсьціна таксама былі людзі, якіх затрымлівалі за размовы па-беларуску на вуліцы.

Ігар Хмара быў затрыманы ўвечары 2 жніўня пасьля экскурсіі па Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі беларускамоўнага экскурсавода і журналіста Ігара Хмару

На 2 мужчын завялі крымінальную справу за блякаваньне дарог у 2020 годзе — доказамі сталі «сторыс» у Instagram

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра тое, што Дзяржынскі раённы СК завёў крымінальную справу паводле арт. 342 КК РБ у адносінах да 34-гадовага Ігара Пастухова і 32-гадовага Юрыя Джэнжэры. Іх абвінавачваюць у тым, што ў 2020-ым годзе яны перакрывалі рух транспарту ў Фаніпалі — а менавіта, шлі па дарозе падчас акцыі пратэсту.

Мяркуючы па відэа, якое апублікавалі сілавікі, доказамі «блякаваньня дарог» сталі «сторыс» аднаго з затрыманых у Instagram — на іх людзі ідуць па дарозе. Яны былі ў архіве профіля і знайшлі іх супрацоўнікі, хутчэй за ўсё, пасьля «вывучэньня» тэлефона мужчыны, піша «Вясна».

Затрымалі дырэктара друкарні, які ў 2020 годзе вырабляў і прадаваў «пратэстную сымболіку»

Сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка, дырэктара друкарні Marlene, які, паводле сілавікоў, у 2020 годзе вырабляў і прадаваў «пратэстную сымболіку». Відэа з затрыманым зьявілася ў блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале, заўважыла «Медиазона».

Як сьцьвярджаюць сілавікі, дырэктару друкарні прызначылі «вялікі штраф», а рэшткі прадукцыі канфіскавалі, цяпер вырашаецца пытаньне аб завядзеньні крымінальнай справы.

Гэта ўжо ня першае затрыманьне ўладальніка друкарні, якая прадавала розную прадукцыю зь беларускім арнамэнтам, гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белай сымболікай. У канцы ліпеня затрымалі ўладальніцу барысаўскага салёну фотадруку; у студзені 2022 году дырэктара прыватнай друкарні Арцёма Федасенку асудзілі да 4 гадоў калёніі па абвінавачаньні ў вырабе і распаўсюджваньні «пратэстных улётак, стыкераў, газэт», а таксама ва ўдзеле ў пратэставых маршах у жніўні-верасьні 2020 году.

Затрыманьні ў Баранавічах і Бараўлянах

За ўдзел у пасьлявыбарчых пратэстах затрымалі жыхара Бараўлянаў Дзьмітрыя Латушкіна. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 33-гадовы супрацоўнік «Мінгаз» нібыта прымаў удзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў рух транспарту — за гэта і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, піша «Вясна».

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне жыхара Баранавічаў, 45-гадовага Андрэя Гіля. Паводле іх, мужчыне прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), а таксама завялі супраць яго крымінальную справу паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») за абразу міліцыянта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 жніўня: 2,5 года калёніі за камэнтар па «справе Зельцара», 3,4 года калёніі за «абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады»