Два вядучыя супрацоўнікі АНТ сышлі з канала і выехалі за мяжу

МЕнск, 15 жніўня 2020

Як стала вядома «Нашай Ніве», дзяржаўны канал АНТ з пачатку году страціў двух вядучых супрацоўнікаў, якія ўцяклі за мяжу. Гэта былы кіраўнік інфармацыйнага вяшчаньня і эўрапейскага бюро АНТ Руслан Паддубскі, а таксама супрацоўніца пула Лукашэнкі Натальля Стэльмах.

Руслан Паддубскі некалі ўзначальваў усё інфармацыйнае вяшчаньне АНТ, пасьля чаго стаў шэфам эўрапейскага офіса канала, піша «Наша Ніва».

Апошні час ён ня жыў у Беларусі, а працаваў з адной з эўрапейскіх краін, дзе вучацца ягоныя дзеці.

Апошні сюжэт зь ягоным удзелам на АНТ — 25 лютага. Ён расказваў пра рэакцыю эўрапейскіх палітыкаў на вайну, а таксама цытаваў маргінальных заходніх дзеячоў, якія праводзілі лінію «нам трэба зразумець і прыняць патрабаваньні Расеі».

Як паведамляе «Наша Ніва», Паддубскі звольніўся з канала, ня стаў вяртацца ў Беларусь і застаўся жыць у адной з краінаў ЭЗ. Камэнтаваць сваё рашэньне Паддубскі адмовіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як змагаецца інфармацыйны спэцназ Лукашэнкі. Тлумачым з Гурневічам

Натальля Стэльмах — адна з зорак лукашэнкаўскага пулу. На канале яна працавала больш за 10 гадоў, ёй было прыемна здымаць прапагандысцкія ролікі і круціцца ў колах лукашэнкаўскай намэнклятуры. Яна спрабавала рамантызаваць гэтых людзей у сваёй праграме «Двое из Дворца», казала Лукашэнку, што «грамадзтва чакае, калі вы ўжо прызнаеце Крым?» — нагадвае «Наша Ніва».

Яна рыхтавала рэпартажы з выбараў-2020 і нядаўняга рэфэрэндуму. Але пасьля 9 сакавіка яе сюжэты на АНТ не выходзілі. Разам са сваім партнэрам яна пакінула Беларусь і перабралася ў Мэксыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская прапаганда на беларускай тэлевізіі — аналіз «Честных людей» і Маляваныча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія спэцслужбы спрацавалі прыгожа». Як прапагандысты падставілі Лукашэнку з пасадкай самалёта Ryanair, а цяпер апраўдваюцца