Улады пачалі другі этап комплекснай праверкі кіраўніцтва тэрытарыяльнай абароны Менску

Перасоўваньне вайсковай тэхнікі ў межах «праверкі сіл рэагаваньня», травень 2022

У рамках праверкі камісіяй Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл будзе ацэнена эфэктыўнасьць працы службовых асоб гарадзкога выканаўчага камітэту і трох раённых адміністрацый па кіраўніцтве фармаваньнем тэрытарыяльных войскаў і выкананьнем вучэбна-баявых задач, паведамілі ў Міністэрстве абароны.

У адпаведнасьці з плянам падрыхтоўкі Ўзброеных Сіл з 9 жніўня пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл — першага намесьніка Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генэрал-маёра Віктара Гулевіча праводзіцца другі этап комплекснай праверкі органаў кіраваньня тэрытарыяльнай абароны горада Менску.

У раёнах сталіцы, якія правяраюцца, будуць сфармаваныя штабы тэрытарыяльнай абароны і вайсковыя часьці тэрытарыяльных войскаў, якім «трэба будзе вырашаць задачы па ахове аб’ектаў жыцьцезабесьпячэньня насельніцтва і ўдзельнічаць у забесьпячэньні грамадзкага парадку сумесна з органамі ўнутраных спраў».

З запасу на вайсковыя зборы плянуюць прызваць больш як 300 вайсковаабавязаных. Прызыў адбудзецца ў Савецкім, Першамайскім і Цэнтральным раёне Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта быў чарговы цырк». Як на Гомельшчыне набіраюць у народнае апалчэньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма тыдня, каб каго-небудзь не схапілі ў нас». На памежжы з Украінай масавыя затрыманьні і вучэньні