У Эўропе зафіксавалі першы выпадак сьмерці ад воспы малпаў

Міністэрства аховы здароўя Гішпаніі паведаміла пра сьмерць хворага на воспу малпаў. Гэты выпадак лічыцца першым у Эўропе.

На дадзены момант Гішпанія — другая краіна ў сьвеце пасьля ЗША па колькасьці пацьверджаных выпадкаў воспы малпы. Згодна з дакладам Міністэрства аховы здароўя Гішпаніі, у краіне былі зафіксаваныя 4298 выпадкаў хваробы. У 135 пацыентаў зьявіліся ўскладненьні — «найбольш распаўсюджанымі былі другасныя бактэрыяльныя інфэкцыі і язвы ў роце». Шпіталізацыя спатрэбілася 120 пацыентам, адзін зь іх у выніку памёр.

На некалькі гадзінаў раней за Гішпанію пра сьмерць хворага на воспу малпаў паведаміла Бразылія. Там памёр 41-гадовы мужчына, які, паводле мясцовага Міністэрства аховы здароўя, які пакутаваў на лімфому і меў аслабленую імунную сыстэму. Падчас цяперашняй успышкі хваробы гэта першая фіксаваная сьмерць па-за межамі Афрыкі, дзе памерлі пяць хворых на воспу малпы.

Паводле Сусьветнай арганізацыя здароўя, ад траўня ў сьвеце было зарэгістравана ўжо больш за 16 тысяч выпадкаў гэтага захворваньня ў прыкладна 70 краінах., у тым ліку краінах-суседках Беларусі — Латвіі, Польшчы, Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўсясьветнай арганізацыі здароўя ўспышку воспы малпаў абвясьцілі надзвычайнай сытуацыяй

Воспа малпаў — інфэкцыйнае віруснае захворваньне, на якое хварэюць як жывёлы, так і людзі. Яно нагадвае сымптомамі натуральную воспу, аднак праходзіць, як правіла, лягчэй. Пацыенты адчуваюць болі ў цягліцах, маюць высокую тэмпэратуру, характэрную высыпку і сьверб. Спэцыфічных лекаў ад яго не існуе, праходзіць воспа малпаў звычайна сама на працягу 2-4 тыдняў, аднак зафіксаваныя і сьмяротныя выпадкі.

Воспу малпаў абвясьцілі глябальнай надзвычайнай сытуацыяй.

Упершыню воспу малпаў выявілі ў 1958 годзе. Большасьць выпадкаў заражэньня да сёлетняга траўня фіксавалася ў Афрыцы, аднак у траўні захворваньне пачало хутка распаўсюджвацца ў Эўропе. Пераважная большасьць хворых — мужчыны ад 18 да 50 гадоў, якія ўступалі ў сэксуальныя кантакты зь іншымі мужчынамі.

Ад заражэньня воспай малпаў засьцерагае вакцына ад натуральнай воспы, якую атрымлівалі ў маленстве ўсе, хто нарадзіліся да канца 1970-х гадоў, калі было афіцыйна абвешчана аб поўным зьнішчэньні натуральнай воспы на плянэце. Існуе таксама вакцына непасрэдна супраць воспы малпаў, якая прымяняецца для груп рызыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдычныя ўлады ЗША абверглі паветрана-кропельную перадачу воспы малпаў. Аднак экспэрты ня згодныя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У суседняй зь Беларусьсю Польшчы пацьвердзілі першы выпадак воспы малпаў