Справу разглядае судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Арэшка, фігуранты справы — Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, суд праходзіць у адкрытым рэжыме.
Як распавяла ў Фэйсбуку жонка Фядуты, у 11.00 29 ліпеня ўсім сваякам і іншым асобам забаранілі ўваход у будынак, запрасілі толькі дзяржаўную прэсу і тэлебачаньне, «было шмат ахоўнікаў будынку суда».
«Калі запэўнілі, што суд закрыты, і пра гэта было абвешчана загадзя, людзі пачалі разьяжджацца (народу было мала), а сваякі некаторых увогуле не прыехалі (суд жа закрыты), тут нечаканасьць здарылася, суд абвясьцілі адкрытым… ну, людзі зьехалі. У выніку нікога ў залі, акрамя прэсы...», — расказвае жонка Марына Шыбко пра першы дзень суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Судзяць Зянковіча, Кастусёва, Фядуту і іншых фігурантаў справы «аб змове з мэтай захопу ўлады». Працэс зрабілі адкрытымТаксама яна распавяла, як пасьля доўгага часу ўбачыла мужа.
«Я ўбачыла АІФа (так блізкія называюць Аляксандра Іосіфавіча Фядуту – рэд.).... схуднеў, дрэнна ходзіць, бо падагра адолела, дазволілі перадаць палку для хады ў СІЗА, пры ўсьмешцы ў АІФа не назіраецца зубоў 5-6 (Юры Дзетачкін з кіно) і пастрыжаны адпаведна, кораценька, кругі пад вачыма. Да уж, турма не ўпрыгожвае», — распавяла яна.
Паводле Марыны Шыбко, падчас судовага паседжаньня 29 ліпеня зачыталі абвінавачаньні Зянковічу і Фядуце, у панядзелак 1 жніўня будуць зачытваць абвінавачаньні астатнім фігурантам справы.
«Нельга было махаць, падыходзіць і размаўляць з абвінавачанымі. Я адправіла паветраныя пацалункі, усім памахала і павітала нашых. На заўвагу мне я адказала, што больш сваволіць ня буду і паводзіла сябе добра. Мы моўчкі размаўлялі з Сашай, я чытала яму свае вершы і казала, што люблю, люблю, люблю. Ён адказваў узаемнасьцю і прасіў у мяне прабачэньня. Думаю, што мы зразумелі адзін аднаго», — напісала Марына Шыбко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Навіны палітвязьняў: Фядута напісаў першы з часоў школы верш па-беларускуАбвінавачаных па справе справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў. Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.