Турэччына бясплатна аддасьць яшчэ адзін Bayraktar для Ўкраіны, грошы на які сабралі ў Польшчы, у тым ліку беларусы

Літоўскі Bayraktar для Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Турэцкая кампанія Baykar падорыць падорыць Украіне чарговы Bayraktar. 22,5 мільёна злотых на бесьпілотнік зьбіралі грошы ў Польшчы, у тым ліку каля тысячы беларусаў.

Аб рашэньні паведаміў ініцыятар збору, польскі журналіст Славамір Серакоўскі, які атрымаў ліст ад кіраўніцтва Baykar.

«Мы ўражаныя ўдзелам сотняў тысяч польскіх грамадзянаў у кампаніі, арганізаванай вамі. Мы хочам быць часткай вашага руху гуманітарнай салідарнасьці і робім прапанову. З улікам вашай кампаніі мы дамо Bayraktar ТВ2 народу Ўкраіны, каб яны маглі лепш абараняць сваю радзіму», — гаворыцца ў лісьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы назьбіралі грошы на ​​Bayraktar для Ўзброеных сілаў Украіны

Серакоўскі дадаў, што па дамоўленасьці з украінскім і турэцкім бакамі сродкі, сабраныя ў Польшчы на бесьпілотнік (22,5 млн злотых), будуць перададзеныя на гуманітарную дапамогу. Сродкі звыш гэтай сумы будуць пералічаныя ў фонд Узброеных сіл Украіны. Гаворка ідзе пра 1,8 млн злотых.

Славамір Серакоўскі зазначыў, што збор падтрымалі 215,6 тысячы жыхароў Польшчы, у тым ліку каля тысячы беларусаў.

«Таму ў мяне ёсьць такое паведамленьне для ўсіх, хто дапамагае мне наўпрост і для грамадзкіх дзеячаў, якія нас падтрымалі, і найперш для 215 600 палякаў і полек (і амаль 1000 беларусаў і беларусак): вы будзеце ўдзельнічаць у абароне Ўкраіны ад Расеі, а таксама ў гуманітарнай дапамозе грамадзтву», — напісаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы Польшчы разам з палякамі зьбіраюць грошы на «Байрактар» для Ўкраіны

У красавіку Літва ініцыявала кампанію збору сродкаў на набыцьцё бесьпілётніка для Ўкраіны. Тады за тры дні ўдалося сабраць 5 мільёнаў эўра на Bayraktar. Але кіраўніцтва кампаніі-вытворцы заявіла, што іх настолькі ўразіла акцыя, што яны вырашылі падарыць бесьпілётнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэччына падорыць украінскаму войску «Байрактар», на які ў Літве сабралі грошы

Таксама ў чэрвені ва Ўкраіне фонд Сяргея Прытулы абвясьціў збор сродкаў на тры бесьпілётнікі. Але фонд Прытулы сабраў 600 мільёнаў — гэтых сродкаў хопіць на куплю чатырох дронаў. Кампанія BAYKAR заявіла, што таксама бясплатна перадасьць Украіне тры бесьпілётнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін шукае супрацоўніцтва з вытворцам «Байрактараў»