Беларускі Хэльсынскі камітэт стаў кансультантам аднаго з галоўных органаў ААН, нягледзячы на пазбаўленьне яго рэгістрацыі

Паседжаньне ECOSOC, архіўнае фота

Кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак патлумачыў Свабодзе, што азначае новы статус арганізацыі, якую раней забаранілі ўлады ў Беларусі.

Эканамічная і сацыяльная рада ААН (ECOSOC) — адзін з шасьці асноўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Рада каардынуе супрацоўніцтва ў эканамічнай, сацыяльнай галінах ААН і яе спэцыялізаваных устаноў. Рэспубліка Беларусь далучылася да ECOSOC у 2015 годзе. Цяпер Беларускі Хэльсынскі камітэт атрымаў кансультацыйны статус пры Радзе.

БХК — першая і пакуль адзіная няўрадавая арганізацыя зь Беларусі, якая атрымала гэты статус. Аднак яшчэ ў 2021 годзе ўлады Беларусі пасьля «зачысткі», абвешчанай кіраўніком МЗС Уладзімерам Макеем, зьліквідавалі ўсе незалежныя праваабарончыя арганізацыі краіны, у тым ліку і БХК.

Алег Гулак

Ці паўплывае статус, атрыманы пры адным зь вядучых органаў ААН, на дзейнасьць у Беларусі? Што наагул дае гэты статус арганізацыі і ці можна зь яго дапамогай вырашаць сапраўды вострыя праблемы беларускага грамадзтва? Пра гэта Свабода запыталася ў кіраўніка БХК Алега Гулака.

Спадар Алег, што дае БХК кансультацыйны статус пры ECOSOC?

— Цяпер мы можам ставіць на канфэрэнцыях і сустрэчах усе пытаньні, якія на форумах звычайна выносяцца. Гаворка ідзе пра тое, што для доступу на мерапрыемствы, якія праводзяцца на глябальных пляцоўках ААН у Жэнэве, Нью-Ёрку, патрэбен якраз такі кансультацыйны статус. Максымальна шырокае кола пытаньняў, датычных правоў чалавека, разглядаецца на такіх сустрэчах. Мы і раней карысталіся магчымасьцю задаць нейкае пытаньне ці выказаць сваю пазыцыю, але тады мусілі зьвяртацца да партнэраў, якія такі статус мелі, каб нам дазволілі ўдзел. А гэта ўсё ж зацягваньне часу.

Акрамя таго, новы статус — прызнаньне якасьці нашай працы і прэстыж самой арганізацыі. Умацоўваецца давер да БХК, нашай дзейнасьці. Але зьменшыць абгрунтаванасьць матэрыялаў гэта нам не дае права. Тут трэба стабільна паказваць прафэсіяналізм.

— Вы згадалі партнэраў, празь якіх зьвярталіся да пляцовак ААН, каб удзельнічаць у форумах і сустрэчах. Хто яны?

— Мы даўно і шчыльна працуем з рознымі буйнымі міжнароднымі праваабарончымі няўрадавымі арганізацыямі. Ня толькі мы, але і іншыя беларускія праваабаронцы. Сярод міжнародных арганізацый былі Human Rights Watch, Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека, куды ўваходзіць «Вясна», Міжнародная Хэльсынская фэдэрацыя, якая ўжо спыніла дзейнасьць, і іншыя. Цяпер будзем зьвяртацца ад свайго імя, і гэта зрабіць прасьцей, можна выступаць больш грунтоўна. Імідж таксама важная рэч. Не галоўная, але важная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Менск „працягвае руку“, усе ўжо ведаюць, што ў другой ён трымае дулю альбо камень», — Сьлюнькін

— У Беларусі арганізацыя забароненая. Ці зьяўляюцца з новым статусам нейкія шляхі для легальнай дзейнасьці БХК на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь?

— Я таксама апошнім часам задаюся гэтым пытаньнем, якім чынам Міністэрства юстыцыі і іншыя органы будуць цяпер глядзець на нас? Гэта падкрэсьлівае незаконнасьць самой забароны, і тым больш крымінальнай адказнасьці за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». ААН паказвае прыклад, даючы нам кансультацыйны статус пры ECOSOC, што нас прызнаюць, што можна працаваць і без рэгістрацыі. Усё ж ECOSOC — самая аўтарытэтная палітычная пляцоўка сярод тых, што ёсьць.

Уключаючы нас туды, у ААН не прызнаюць незаконнага пазбаўленьня рэгістрацыі, выступаюць супраць рэпрэсій. Пры іншай сытуацыі я бы не сумняваўся ў перамозе і ў беларускім судзе, але цяпер разьлічваць на прававое рашэньне там не выпадае. Калізія, вядома, ствараецца вельмі цікавая. Хаця небясьпека нікуды не падзелася.

— Калі зірнуць аб’ектыўна: забаронай дзейнасьці БХК цяперашні рэжым сапраўды здолеў моцна «закрыць шлюзы» і абрэзаць юрыдычную і іншую дапамогу беларусам, якую раней аказваў Камітэт?

— Я б сказаў, што першае, чаго дамагаюцца ўлады пазбаўленьнем рэгістрацыі — гэта хутчэй сыгнал чыноўнікам, што гэта «ня наш лягер», клясычная прыкмета «свой-чужы». Цалкам забараніць дзейнасьць арганізацыі ўсё адно немагчыма. Многія забароненыя ў Беларусі арганізацыі сур’ёзна зьменшылі маштабы сваёй дзейнасьці, адбыліся зьмены і ў нас. Ня ўсе людзі засталіся, ня кожны дзейнічае так актыўна, як раней... Але гэта ня значыць, што БХК не працуе. Праца зь людзьмі працягваецца, з ахвярамі рэпрэсій; ня спынена сыстэмная праца зь міжнароднымі структурамі. Мы па-ранейшаму робім аналітычныя даклады, задзейнічаем міжнародныя інструмэнты.

Застаецца пэўная грамадзянская супольнасьць, новыя і старыя структуры, ёсьць з кім працаваць. Дапамагаем адстойваць правы чалавека тым арганізацыям, якія яшчэ ня маюць дастаткова досьведу. Наш новы статус — пэўная дапамога для новых арганізацый у працы зь міжнароднымі органамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год пасьля леташняга пагрому «трэцяга сэктару» ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый