У Адзіны рэестар дасудовых расьсьледаваньняў Украіны ўнесьлі зьвесткі аб факце зьнішчэньня сакрэтных матэрыялаў Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў, паведаміла тэлеканалу «Настоящее время» крыніца ў адным з праваахоўных органаў Украіны, якая не мае права афіцыйна камэнтаваць гэтае пытаньне ў прэсе. Гэта таксама пацьвердзілі дзьве крыніцы, знаёмыя з ходам расьсьледаваньня.
Паводле паведамленьня, дасудовае расьсьледаваньне распачалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Украіны: 111 — «Дзяржаўная здрада» і 329 — «Страта дакумэнтаў, якія зьмяшчаюць дзяржаўную таямніцу».
Расьсьледаваньне вядзе Служба бясьпекі Ўкраіны, працэсуальнае кіраўніцтва ажыцьцяўляе Генэральная пракуратура. Па гэтай справе яшчэ нікому не ўручана падазрэньне.
Расьсьледаваньне фактаў зьнішчэньня сакрэтных матэрыялаў крымінальных спраў пачалося да таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьняў з пасад кіраўніка СБУ Івана Баканава і генпракурора Ірыну Венядзіктову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пачаў кадравы ператрус ва ўсёй сыстэме СБУ — ад Кіева да рэгіянальных упраўленьняў7 ліпеня «Настоящее время» паведаміла, што прадстаўнікі СБУ зьнішчылі важныя дакумэнты ў першы дзень поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Крыніцы ў адным з праваахоўных органаў перадалі ў рэдакцыю тэлеканалу ўнутраны дакумэнт, у якім падрабязна апісана, хто і як вырашыў зьнішчыць сакрэтныя матэрыялы важных крымінальных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыйшлі куратар справы Шарамета і брыгадны генэрал. Чаго чакаюць ва Ўкраіне ад кадравых ратацый Зяленскага ў СБУ і ПракуратурыДзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны першапачаткова заяўляла, што прадстаўленая ў расьсьледаваньні інфармацыя зьяўляецца ілжывай і маніпуляцыйнай, але пазьней высновы журналісцкага расьсьледаваньня пацьвердзіла ў адказе на запыт Генэральная пракуратура Ўкраіны.
«Спэцыяльныя матэрыяльныя носьбіты сакрэтнай інфармацыі ў крымінальных вытворчасьцях, у якіх працэсуальнае кіраўніцтва ажыцьцяўляецца пракурорамі, зьнішчаны Ўпраўленьнем рэжымна-сакрэтнай працы і абароны інфармацыі Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў. Згоды на зьнішчэньне гэтых матэрыялаў пракуроры па названых крымінальных вытворчасьцях не далі», — сказана ў адказе.
Празь пяць дзён Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны адкрыла крымінальную справу за «ўмяшаньне ў працу праваахоўнага органа». У інтэрвію тэлеканалу прадстаўніца ДБР, дарадца па камунікацыях Тацьцяна Сап’ян пацьвердзіла, што сакрэтныя матэрыялы былі зьнішчаныя. Яна адзначыла, што справа аб умяшаньні ў дзейнасьць праваахоўных органаў «не датычыцца журналістаў», але дапусьціла, што журналістаў могуць выклікаць на допыты з просьбай раскрыць крыніцы інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За Расею, за Ўкраіну, за нэўтралітэт — што і чаму выбіраюць беларусы?Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксей Данілаў пракамэнтаваў Радыё Свабода меркаванае зьнішчэньне матэрыялаў важных крымінальных спраў прадстаўнікамі Дзяржбюро расьсьледаваньняў.
«Пакараньне будзе непазьбежным. Тым людзям, якія зьнішчалі гэтыя дакумэнты, трэба будзе разабрацца, чаму яны гэта зрабілі, хто ім даваў указаньні, дзе гэтыя дакумэнты былі зьнішчаныя. Адна рэч, калі гэта было на тэрыторыі горада Кіева, калі стаялі сапраўды гарачыя дні (24-25 лютага). Іншая рэч, калі гэта адбылося за межамі сталіцы. Таму трэба разабрацца, на чым усё гэта грунтавалася», — сказаў Данілаў у камэнтары Радыё Свабода.