Хроніка перасьледу 19 ліпеня: Судзяць былога супрацоўніка КДБ з «тэрарыстычнага сьпісу»; у Магілёве і Баранавічах затрымалі лекараў

Ільля Трубін, былы супрацоўнік КДБ, якога абвінавачваюць паводле артыкула за акт тэрарызму

Перасьлед беларусаў за іх грамадзянскую пазыцыю працягваецца.

Палітвязьня, які падняў у Гомлі бел-чырвона-белы сьцяг, асудзілі яшчэ і за абразу Лукашэнкі

У Цэнтральным судзе Гомля вынесьлі прысуд палітзьняволенаму Рыгору Васіленку, якога абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

16 жніўня 2020 году на цэнтральнай плошчы Гомля Рыгор спусьціў з флягштока дзяржаўны сьцяг і ўзьняў бел-чырвона-белы. Пазьней мужчыну асудзілі на два гады «хіміі» за «хуліганства» (ч. 2 арт. 339 КК).

Сёлета 15 лютага Рыгора затрымалі другі раз. Па матэрыялах абвінавачаньня, знаходзячыся ў месцы адбываньня пакараньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу, Васіленка разьмясьціў у групавым чаце паведамленьні, якія зьмяшчаюць выказаныя ў лаянкавай форме абразы ў адрас Лукашэнкі.

Судзьдзя Віктар Казачок пакараў Васіленку 1 годам 6 месяцамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. А з улікам неадбытага раней пакараньня канчаткова прызначыў пазбаўленьне волі тэрмінам на адзін год і сем месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 гадоў калёніі прысудзілі жыхару Мазыра са сьпісу «тэрарыстаў»

Судзяць былога супрацоўніка КДБ

У судзе Барысаўскага раёна 19 ліпеня, пасьля трохмесячнага перапынку, аднавіўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара, былога супрацоўніка КДБ Ільлі Трубіна.

Яго абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 289 (Акт тэрарызму);
  • ч. 2 арт. 289 (Акт тэрарызму, зьдзейсьнены паўторна);
  • ч. 2 арт. 295 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
  • ч. 1 арт. 295-1 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў).

Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Крывела, паведамляе «Вясна».

Паводле зьвестак сьледзтва, 34-гадовы жыхар Барысава падпаліў два парталы сыстэмы збору платы за праезд па дарогах «БелТолл» у Барысаўскім раёне.

У сваёй матывацыі абвінавачаны, паводле матэрыялаў сьледзтва, «кіраваўся заклікамі розных дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсаў аб нанясеньні шкоды дзяржаўнай інфраструктуры».

Пра затрыманьне Трубіна стала вядома ў жніўні 2021 году. 20 чэрвеня КДБ унёс мужчыну ў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Судовы працэс над Трубіным праходзіць у закрытым рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 ліпеня: Мянчанку асудзілі на падставе фота ў тэлефоне; шматдзетную маці з Пружанаў паслалі ў калёнію

У Магілёве на працы затрымалі лекара-анэстэзіёляга анкалягічнага дыспансэру Дзьмітрыя Марозава

Затрыманьне Марозава адбылося ўчора, 18 ліпеня, паведамляе «Новы час».

«Мяркую, магчыма, у справах незалежных прафсаюзаў, бо выйшаў з афіцыйнага і намагаўся стварыць незалежны ў 2020-м. Учора быў апошні працоўны дзень. На працы ўзламалі ўсе шуфлядкі, забралі працоўны кампутар. Сям’я чакала візы, каб зьехаць», — паведаміла выданьню крыніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Распытвалі пра рэйкавую справу»: Як лекар зь Віцебску эвакуаваўся зь Беларусі пасьля затрыманьня

Шматдзетную маці зь Янава судзілі тройчы за 6 дзён – увесь гэты час жанчына правяла ў ізалятары

Міліцыянты склалі на жыхарку Янава Марыну Кіявец тры пратаколы за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Аднак у суд аддалі іх ня ўсе адразу, а па чарзе, паведамляе «Эўрарадыё». На пытаньне судзьдзі, чаму не разглядаліся ўсе справы разам, міліцыянты адказалі: «Указаньне».

Сумарна, паводле рашэньня суду, Марына павінна заплаціць за рэпосты 74 базавыя велічыні (гэта каля 940 даляраў, або 2368 беларускіх рублёў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Драгічыне і Янаве пасьля абвяшчэньня пра перасоўваньні вайсковай тэхнікі адбыліся масавыя затрыманьні актывістаў

У Баранавічах затрымалі лекара Аляксандра Трафімава

Праваабаронцы адзначаюць, што сёньня раніцай Аляксандар Трафімаў паведамляў, што яго выклікаюць у міліцыю. Празь нейкі час ягоная жонка даведалася, што Аляксандар затрыманы — папярэдне на трое сутак.

Трафімаў вядзе інстаграм-старонку, на якой расказвае мэдычныя гісторыі з рэальнага жыцьця. На яго падпісана больш за 6,5 тысячы чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працягваецца перасьлед мэдыкаў. У Менску затрымалі чатырох траўматолягаў

Сілавікі выклалі пакаянныя відэа з кіраўнікамі кампаній «Прызыўнік.бай» і «Арміхелп», якія кансультавалі прызыўнікоў.

Адзін з затрыманых прызнаецца ва ўдзеле ў мітынгах і ў тым, што раней быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы. Учора выданьне «Медыязона» зьвязвалася з прадстаўнікамі гэтых фірмаў, каб даведацца, чаму не працуюць іхныя сайты. Адзін з суразмоўцаў сказаў, што знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кобрынец палаяўся з жонкай і вывесіў бел-чырвона-белы аркуш на акно, каб яе затрымалі, але за кратамі апынуўся сам