8 гадоў калёніі прысудзілі жыхару Мазыра са сьпісу «тэрарыстаў»

Яўген Збароўскі

У Горадзенскім абласным судзе вынесьлі прысуд мазырчуку Яўгену Збароўскаму, якога ў канцы чэрвеня 2022 году ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

Справу разглядаў судзьдзя Ігар Собалеў, які прысудзіў Яўгену Збароўскаму 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Збароўскага абвінавацілі адразу па 9 артыкулах Крымінальнага кодэксу, а сам судовы працэс доўжыўся з 14 лютага па 2 чэрвеня, амаль чатыры месяцы. Што менавіта закідалі Збароўскаму, застаецца невядомым.

Яўген сваю віну прызнаў часткова, патлумачыў, што ён быў нязгодны з вынікамі выбараў прэзыдэнта Беларусі, і менавіта таму вырашыў дзейнічаць актыўна.

Яўген Збароўскі трапіў у сьпіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», 28 чэрвеня. На той момант суд над мужчынам ужо скончыўся, але пра прысуд не было вядома яшчэ некалькі тыдняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 ліпеня: 2 гады калёніі за аплату штрафаў і адвакатаў затрыманым пратэстоўцам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сюжэтах на дзяржаўным тэлебачаньні пачалі прыхоўваць твары судзьдзяў у палітычных працэсах