Другі сэзон падкасту доктара Ўладзімера Мартава прысьвечаны другой хвалі каранавірусу ў Беларусі. Яна супала зь мірнай рэвалюцыяй, якая распачалася пасьля фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і брутальных рэпрэсій уладаў.
Доктар-рэаніматоляг Уладзімер Мартаў шмат гадоў быў загадчыкам аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай лякарні хуткай дапамогі, ён адным зь першых у Беларусі адкрыта расказаў пра рэальную сытуацыю з каранавірусам. Вясной 2021 году з доктарам не працягнулі кантракту, бо ён адкрыта гаварыў аб праблемах у мэдыцыне і ў краіне. У лютым 2022 году Мартава арыштавалі на 7 дзён за бел-чырвона-белы сьцяжок на аватарцы ў Facebook.
Прапануем шосты эпізод другога сэзону падкасту Ўладзімера Мартава «На вайне з COVID-19».
Некалькі фрагмэнтаў
- Вядома, якія даплаты атрымалі сілавікі, якія ўдзельнічалі ў разгонах мітынгаў і ў паляваньні на нязгодных. А ў гэты самы час скарачаліся даплаты за ковід мэдыкам, сродкі, адпушчаныя на ахову здароўя, эканомілі літаральна на ўсім. «Арганізатары аховы здароўя» займаліся чым заўгодна, толькі не арганізацыяй. Гэта выглядала вар’яцтвам.
- Адмянілі даплату падсобным рабочым за вываз трупаў — а іх лік у «сакавітыя» дні даходзіў да 7 за зьмену, і большасьць, як на падбор, звыш 100 кг, — і вывозіць іх стала няма каму. Калі ўся зьмена, усе мэдсёстры і санітарачкі, а таксама лекар, калі на зьмене лекар-мужчына, занятыя пагрузкай і вывазам трупаў у патолягаанатамічны корпус, узьнікае пытаньне: хто ж застаецца з пацыентамі? Часам, вярнуўшыся з трупярні, можна было пакаваць у чахол наступнага загінулага пацыента.
- Палітыка сама ўрывалася ў мэдыцыну. Мне вельмі хацелася б пачуць, што жнівень 2020 году — «проста эпізод», што «ўсё скончылася», што ўсё «будзе як раней». Фізычна было немагчыма спраўляцца з каранавіруснай інфэкцыяй і сачыць за тым, што адбываецца ў краіне. Але ці можна было не сачыць за тым, што адбываецца ў краіне? Забойства Рамана Бандарэнкі дало адказ на гэтае пытаньне.
- Начмэд на павышаных тонах тлумачыў нам, што лепшая ўлада, чым «хатняя гаспадыня Ціханоўская». А потым ён жа тлумачыў, што калі мы жадаем займацца палітыкай, мы павінны рабіць гэта за межамі лякарні. Ён ня бачыў тут ніякай супярэчнасьці. «Прэсаваў» калегаў, каб вярталіся ў праўладны прафсаюз, але не лічыў пры гэтым, што займаецца палітыкай.
- Галоўны лекар патрабаваў эканоміць кісларод. Гэта тады стала прыярытэтам: зьнізіць выдаткі кіслароду. Менавіта гэта ён кантраляваў, прычым ня толькі ў аддзяленьні рэанімацыі, але і ў іншых аддзяленьнях, асабліва ў тэрапіі. Гэты падыход вельмі зьдзівіў менскую камісію на абходзе 15 кастрычніка: адзіны рэсурс, які рэальна дапамагаў у барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй, у нас адабралі. З асаблівым гонарам Захараў паведамляў нам, калі ўдавалася расходаваць менш балёнаў кіслароду, чым звычайна. Яго сталі зваць «кіслародчык»: ходзіць такі высокі чалавек разам з начмэдам і скручвае ў пацыентаў струмень кіслароду на мінімум.
Your browser doesn’t support HTML5
Палітыка ў ковіднай зоне. Падкаст доктара Мартава «На вайне з COVID-19». 6-ы эпізод
У сёмым, апошнім эпізодзе другога сэзону падкасту доктара Мартава «На вайне з COVID-19», які выйдзе 21 ліпеня, вы пачуеце:
- Што адбывалася з пацыентамі, калі кісларод хутка заканчваўся.
- З пачаткам халадоў збоі з падачай кіслароду ў рэанімацыі павялічыліся да 5 хвілін і зрабіліся часьцейшымі.
- Паводле Мартава, сыстэма аховы здароўя пад ударам другой хвалі развалілася цалкам
- 7 і 8 студзеня адбылася катастрофа з кіслародам
- Прарвала трубу гарачай вады, але адміністрацыя заяўляе, што з даху капае кандэнсат
- Выратаваньне аднаго пацыента і сьмерць другога — апошнія эпізоды працы доктара Мартава як рэаніматоляга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Крывавы жнівень 2020-га. Прэм’ера другога сэзону падкаста доктара Мартава «На вайне з COVID-19»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пацыентаў у рэанімацыю дастаўлялі грузчыкі». Падкаст доктара Мартава «На вайне з COVID-19». 2 эпізодГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У кастрычніку 2020-га мяне абвясьцілі „здраднікам беларускага народу“». Падкаст доктара Мартава «На вайне з COVID-19». 3-і эпізодГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Галоўны доктар і прафэсар абмяркоўвалі выхад на Нобэля за перамогу над ковідам». Падкаст доктара Мартава «На вайне з COVID-19». 4-ы эпізодГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пацыенты з МУС. Падкаст доктара Мартава «На вайне з COVID-19». 5-ы эпізодГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я не лічу, што пакінуў Беларусь». Шчырае інтэрвію доктара Мартава пра тое, што зь ім адбывалася пасьля арышту за падкаст пра COVID-19