«Гэта пачатак жалезнай заслоны». Чым абернуцца новыя абмежавальныя захады на выезд зь Беларусі

Беларуска-польская мяжа, на пераходзе Брузгі – Кузьніца. Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі накіраваў дэпутатам зьмены ў закон пра выезд з краіны і ўезд у яе. Цяпер выезд могуць забараніць, бо ён «шкодзіць нацыянальным інтарэсам». Разьбіраемся з новымі папраўкамі да закону.

23 чэрвеня ўрад накіраваў у Палату прадстаўнікоў новы законапраект, які тычыцца выезду зь Беларусі для грамадзян Беларусі.

Што новага

Згодна з законапраектам, калі яго ўхваляць, то КДБ зможа абмежаваць выезд ня толькі для тых, хто стаіць на прафіляктычным уліку ў органах дзяржаўнай бясьпекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Забарона можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода. Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю, не паведамляецца.

Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненьні якіх вядзецца адміністрацыйны працэс за ўчыненьне адміністрацыйных правапарушэньняў супраць парадку кіраваньня, — у мэтах забесьпячэньня выкананьня пастановы судзьдзі аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе штрафу».

Раней зь Беларусі таксама не выпускалі, калі грамадзянін меў, напрыклад, нясплочаны штраф. Але гэта было магчыма толькі на падставе рашэньня судзьдзі.

Супрацоўнікам сілавых органаў можна будзе выехаць за межы Беларусі толькі па ўзгадненьні з кіраўніцтвам. Гэтае негалоснае правіла некалькі гадоў дзейнічала і раней: вайскоўцам, супрацоўнікам міліцыі ці Сьледчага камітэту настойліва рэкамэндавалі выбіраць для адпачынку толькі «дружалюбныя» краіны, напрыклад Турэччыну, Эгіпет, Расею.

Норма будзе распаўсюджвацца на вайскоўцаў, супрацоўнікаў, работнікаў і асоб цывільнага пэрсаналу вайсковых фармаваньняў і ваенізаваных арганізацый, а таксама на супрацоўнікаў МУС, КДБ, СК, КДК і МНС.

Таксама ў сьпіс неабходных дакумэнтаў для выезду і ўезду ў Беларусь унясуць біямэтрычны пашпарт.

Законапраект будзе разглядацца ў верасьні, і тады ж яго могуць прыняць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС пракамэнтавалі законапраект пра абмежаваньні на выезд за мяжу

Што гавораць улады

У МУС Беларусі ўжо пасьпелі пракамэнтаваць прапанаваныя новаўвядзеньні. Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун у эфіры тэлеканала «Беларусь-1» запэўніў, што ніхто не гаворыць пра масавае абмежаваньне нейкіх правоў беларусаў на выезд за мяжу.

«Уводзяцца дадатковыя падставы і абмежаваньні права грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на выезд за мяжу — гэта ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі. Але гэта часовыя абмежаваньні, і яны будуць дзейнічаць цягам 6 месяцаў. Права грамадзяніна можа быць абмежавана, калі ён прыцягнуты за адміністрацыйнае парушэньне ў галіне парадку кіраваньня. І для таго, каб забясьпечыць спагнаньне штрафу», — паведаміў Бягун.

Колькі людзей гэта закране

Паводле юрыстаў праваабарончага цэнтру «Вясна», да якіх зьвярнулася Свабода, абмежаваньні могуць закрануць у першую чаргу актывістаў, а таксама палітычных зьняволеных, якія ўжо адбылі свой тэрмін.

«У беларускім заканадаўстве нідзе не прапісана, што такое „інтарэсы нацыянальнай бясьпекі“. Таму гэтая фармулёўка можа інтэрпрэтавацца шырэй ці вузей, і інтэрпрэтацыі могуць мяняцца з часам, падладжваючыся да бягучай сытуацыі.

З таго, што мы назіраем цяпер, новыя абмежаваньні могуць закрануць у першую чаргу актывістаў і людзей, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за выказваньне сваіх думак і перакананьняў, мужчын прызыўнога ўзросту, палітычных зьняволеных, якія адбылі свой тэрмін», — мяркуюць юрысты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады зьбіраюцца зрабіць больш строгімі ўмовы выезду зь Беларусі. Каго гэта можа зачапіць?

Якія беларускія законы і міжнародныя правы парушаюць новаўвядзеньні

Паводле юрыстаў «Вясны», прапанаваныя зьмены парушаюць беларускую Канстытуцыю, а таксама некаторыя нормы міжнароднага права.

«Норма аб абмежаваньні выезду асобам, у дачыненьні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, ужо ёсьць. Праўда, часова абмежаваць выезд з краіны сёньня можа толькі суд у мэтах гарантаваньня аплаты штрафу ці адбываньня арышту, а не супрацоўнік КДБ у мэтах нацыянальнай бясьпекі.

Такога роду нормы абмяжоўваюць свабоду перамяшчэньня чалавека, якая прызнана і замацавана ў нашай Канстытуцыі як права свабодна перамяшчацца ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесьперашкодна вяртацца назад», — гавораць юрысты.

Таксама Беларусь мусіць выконваць Міжнародны пакт «Аб грамадзянскіх і палітычных правах», а абмежаваньне выезду з краіны ускосна парушае такія правы, як права на выказваньня думак і права на выбар прафэсіі, зьвязанай зь дзяржаўнай службай.

«Камітэт правоў чалавека ААН патрабуе: умовы абмежаваньня на перамяшчэньне павінны канкрэтна адлюстроўвацца ў заканадаўстве і быць там агавораны. Гэта значыць, яны ня могуць прымяняцца толькі на думку супрацоўніка КДБ у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі», — падкрэсьліваюць юрысты.

«Гэта канцэпцыя жалезнай заслоны»

Фонд BySol, сярод іншага, займаецца дапамогай у выезьдзе зь Беларусі людзям, якіх перасьледуюць улады. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак параўноўвае прапанаваныя ўладамі новаўвядзеньні з «жалезнай заслонай» у СССР.

«Гэта касплэй Савецкага Саюзу, мяркую, што Лукашэнку падабаецца канцэпт „жалезнай заслоны“ і ён спрабуе гэта рэалізаваць. Абсалютна любы чалавек можа быць спынены ці затрыманы на мяжы, і яму могуць паставіць забарону на выезд, прычым абсалютна адвольна. Гэта пагаршэньне магчымасьці выехаць зь Беларусі. Пакуль застаецца Расея, але я ня надта б спадзяваўся на гэта, бо магчымая ўніфікацыя падыходаў. На сёньня варыянты выехаць яшчэ ёсьць, у залежнасьці якая сытуацыя, які статус у чалавека. Але з кожным днём такіх магчымасьцяў усё меней, таму, калі нехта вагаецца, раю паскорыцца з рашэньнем, бо чым далей, тым болей абмежаваньняў», — гаворыць Андрэй Стрыжак.

Што гавораць людзі

Некаторыя беларусы, якія цяпер жывуць не ў Беларусі, усё яшчэ маюць магчымасьць зьезьдзіць на радзіму і карыстаюцца ёй. У камэнтарах да навіны ў сацыяльных сетках выказваюцца так: «Калі гэта прымуць, магчыма, перастану езьдзіць».

Што да беларусаў, якія жывуць у Беларусі, але пакуль маюць магчымасьць выехаць, то новаўвядзеньні іх насьцярожваюць, бо «могуць зрабіць тут СССР разам з Расеяй і жалезнай заслонай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцячы і не вярнуцца. Чаму Лукашэнку не дае спакою тэма «беглых»