Байдэн разглядае магчымасьць увядзеньня надзвычайнага становішча ў сфэры аховы здароўя

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн гутарыць з журналістамі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у нядзелю, што папрасіў сваю адміністрацыю вызначыць, ці мае ён права абвясьціць надзвычайнае становішча ў сфэры аховы здароўя ў сувязі з адменай Вярхоўным судом рашэньня аб канстытуцыйным праве на аборт.

Гэтая заява прагучала пасьля таго, як у пятніцу Байдэн падпісаў указ аб пашырэньні доступу да паслуг у перапыненьні цяжарнасьці.

Байдэн накіроўваўся на роварную прагулку недалёка ад сваёй рэзыдэнцыі ў Дэлавэры, калі ён спыніўся, каб пагаварыць з рэпартэрамі, якія задалі яму пытаньне, ці не разглядае ён магчымасьць абвяшчэньня надзвычайнай сытуацыі ў галіне аховы здароўя ў дачыненьні да доступу да абортаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ЗША адмяніў рашэньне аб канстытуцыйнасьці права на аборт

Прэзыдэнт адказаў, што даручыць супрацоўнікам сваёй адміністрацыі высьветліць, ці ёсьць у яго такія паўнамоцтвы і якія будуць наступствы такога кроку.

Дэмакраты робяць ціск на Байдэна, патрабуючы ўжыць захады пасьля таго, як у мінулым месяцы было прынята рашэньне аб адмене вэрдыкту Вярхоўнага суду, якое перакрэсьліла 50-гадовую гісторыю абароны рэпрадукцыйных правоў жанчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі ў Беларусі будзе шанец на жыццё без агрэсіўных змагароў з абортамі

Размаўляючы з журналістамі, Байдэн сказаў, што яго мэта — заканадаўчае замацаваньне права на аборт, і зьвярнуўся з пасланьнем да пратэстоўцаў супраць абортаў, якія сабраліся ля Белага дома: «Працягвайце пратэставаць. Працягвайце адстойваць свой пункт гледжаньня. Гэта крытычна важна».

«Мы можам шмат зрабіць, каб забясьпечыць правы жанчын», — канстатаваў прэзыдэнт Байдэн.