Колькі разоў беларусы ваявалі з расейцамі. Тлумачым

Дзьмітры Гурневіч

За апошнюю тысячу гадоў беларусы ваявалі з расейцамі як мінімум 100 год. Многія з гэтых войнаў былі страшнейшыя за ІІ сусьветную, а агулам нам вядома пра дзясяткі войнаў з усходнім суседам.

Толькі ў адной зь іх, у XVII стагодзьдзі, Беларусь страціла палову насельніцтва, а большасьць гарадоў і вёсак былі зруйнаваныя. Але і нашыя войскі былі не анёлы — палілі Маскву як запалкі, а расейскі цар, каб захаваць жыцьцё, станавіўся на калені перад валадаром Рэчы Паспалітай

Традыцыйна беларускія землі былі слаба зьвязаныя з старажытным цэнтрам усходніх славянаў Кіевам. Наша гісторыя зусім не пра гэта. Усходнеславянскае насельніцтва ў басэйне Дзьвіны і Нёмана жыло ў тыя часы ўперамешку з балцкім, арыстакратыя практыкавала міжэтнічныя шлюбы, і князі ўсходнеславянскага паходжаньня маглі мяняцца на балцкіх. Славяне-беларусы й балты-літоўцы жылі мірна і суіснавалі на глебе гэтай супрацы. Пры пагрозе нападу азіяцкіх качэўнікаў і ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. Гісторыкі вядуць адлік ВКЛ ад 1248 году. Яно праіснавала пяць стагодзьдзяў, і менавіта Вялікае Княства было айчынай беларусаў ажно да падзелаў напрыканцы XVIII стагодзьдзя. І ўсе гэтыя пяцьсот гадоў галоўным ворагам нашай дзяржавы была Масква.

Для маскоўцаў ВКЛ было, вядома ж, блізкай па мове і па рэлігіі, але ўсё роўна чужой і варожай дзяржавай. Але жаданай. Вялікае Княства ня толькі марылі захапіць — туды ўцякалі ад маскоўскай дэспатыі самі расейцы. Як пісаў амэрыканскі гісторык Рычард Пайпс, самы раньні палітычны вальнадумец у Расеі марыў схавацца ад расейскіх парадкаў у Літве.

З канца XV стагодзьдзя Масква разьвязвала вайну за вайной супраць Вялікага Княства Літоўскага. Абвясьціўшы сябе ўладарамі ўсяе Русі і прыкрыўшыся дактрынай «Масква — трэці Рым», маскоўскія манархі ўзяліся ажыцьцяўляць свае захопніцкія пляны. Але і войскі Вялікага Княства хадзілі на Маскву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як заставацца беларусам. Дзе пачытаць, паслухаць і паглядзець беларускае для самаадукацыі