Украінскія ўлады паведамляюць аб абстрэле Славянска, ёсьць забітыя і параненыя

Пацярпелыя ад расейскіх абстрэлаў ва Ўкраіне

Украінскія ўлады паведамляюць, што ў выніку абстрэлу Славянска загінулі шэсьць чалавек, 15 былі параненыя.

«Масіраваны абстрэл Славянска з РСЗА (Рэактыўная сыстэма залпавага агня — РС). Самы маштабны за апошні час. Шмат забітых і параненых», — паведаміў мэр Славянска Вадзім Лях.

Паводле яго слоў, у горадзе зараз каля 15 пажараў.

Прадстаўніца Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Тацьцяна Ігнатчанка пазьней удакладніла, што ў выніку абстрэлу расейскімі войскамі Славянска шэсьць чалавек загінулі, 15 параненыя. Ігнатчанка таксама адзначыла, што расейскі бок нанёс удар трыма ракетамі па Краматорску — зьнішчана гасьцініца і пашкоджана дарога ў жылым масіве.

У цэлым, па дадзеных кіраўніка Данецкай АВА, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну ў Данецкай вобласьці загінулі 554 грамадзянскіх, 1442 чалавекі былі параненыя (без уліку ахвяр у Марыюпалі і Валнавасе).

Напярэдадні кіраўнік Данецкай АВА заявіў, што ўкраінскія ўлады кантралююць 45 працэнтаў Данецкай вобласьці, практычна ўсе населеныя пункты абстрэльваюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыя беларусаў на вайну адрозьніваецца ад рэакцыі і ўкраінцаў, і расейцаў. Сацыёлягі патлумачылі цікавую зьяву