Прэзыдэнт Турэччыны прыгразіў адмовай у ратыфікацыі пагадненьня аб пашырэньні NATO, калі Швэцыя ня выдасьць 73 чалавек

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган

Прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган заявіў, што Швэцыя паабяцала экстрадаваць у Турэччыну 73 чалавекі, якіх турэцкія ўлады падазраюць у тэрарызьме.

Паводле яго, калі абяцаньне ня будзе выкананае, Турэччына не пашле на ратыфікацыю ў парлямэнт пагадненьне аб далучэньні Фінляндыі і Швэцыі да NATO, працытаваў Эрадагана тэлеканал CNN.

28 чэрвеня Фінляндыя, Швэцыя і Турэччына абвясьцілі, што разьвязалі ўсе супярэчнасьці, зьвязаны з далучэньнем двух паўночных краін да NATO.

«Па выніках нашай сустрэчы нашы міністры замежных спраў падпісалі трохбаковы мэмарандум, які пацьвярджае, што Турэччына на саміце ў Мадрыдзе на гэтым тыдні падтрымае запрашэньне Фінляндыі і Швэцыі стаць чальцамі NATO», — гаворылася ў паведамленьні канцылярыі прэзыдэнта Фінляндыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратакол аб уступленьні Швэцыі і Фінляндыі ў NATO падпішуць у наступны аўторак

Да таго Турэччына сьцьвярджала, што Швэцыя і Фінляндыя даюць прытулак асобам, якія, на яе думку, зьвязаныя з групамі, якія Анкара лічыць тэрарыстычнымі, а менавіта баевікам Рабочай партыі Курдыстану і пасьлядоўнікам Фэтхулы Гюлена, якога Анкара абвінавачвае ў арганізацыі спробы дзяржаўнага перавароту ў 2016 годзе.

Фінляндыя пасьля Другой сусьветнай вайны, а Швэцыя ўжо некалькі стагодзьдзяў былі нэўтральныя. Але цяпер абедзьве краіны хочуць далучыцца да NATO, асьцерагаючыся, што Расея можа ўварвацца на іх тэрыторыю, як гэта сталася ва Ўкраіне 24 лютага.