Марыя Калесьнікава стала ляўрэатам прэміі Бруна Крайскага
Сястра Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч падчас цырымоніі ўручэньня прэміі
Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава стала ляўрэатам міжнароднай прэміі ў галіне правоў чалавека імя Бруна Крайскага.
Прэмію ад імя Марыі атрымала яе сястра Тацяна Хоміч, паведамляе штаб палітыка Віктара Бабарыкі.
Цырымонія ўручэньня прэміі прайшла 23 чэрвеня ў Вене.
Прэмія Бруна Крайскага заснаваная ў 1976 годзе да 65-годзьдзя з дня нараджэння шостага фэдэральнага канцлера Аўстрыі Бруна Крайскага, яна прысуджаецца кожныя два гады асобным асобам, групам, установам або праектам за іх дасягненьні ў галіне правоў чалавека. Так, у 1981 годзе прэмію атрымаў Нэльсан Мандэла.
Кіраўніцу штабу Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 году Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі 7 верасьня 2020 году, спрабавалі прымусова яе вывезьці ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікава на мяжы парвала на дробныя шматкі свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Там яе адразу затрымалі.
Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам з юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году яе асудзілі на 11 гадоў калёніі.