Брытанская выведка: сілы «ДНР» страцілі забітымі і параненымі больш за палову сваіх байцоў

Вайсковец «ЛНР». Ілюстрацыйнае фота

Як вынікае з новага дакладу брытанскай вайсковай выведкі, расейскія войскі і сілы самаабвешчанай «ДНР», якія ваююць ва Ўкраіне, панесьлі падчас баёў у Данецкай вобласьці цяжкія страты.

Паводле ацэнак брытанскіх вайскоўцаў, на якія спасылаецца ВВС, апалчэнцы «ДНР» страцілі да 55% свайго першапачатковага асабовага складу. Гэтыя высновы грунтуюцца на дадзеных, якія публікуюцца ўладамі «ДНР».

Брытанская выведка лічыць, што такія лічбы можна ў значнай меры аднесьці і да ўласна расейскіх частак, якія таксама нясуць вялікія страты.

Пры гэтым расейскія войскі працягваюць маштабную апэрацыю, спрабуючы цалкам акружыць горад Лісічанск і ўзяць пад кантроль усю суседнюю Луганскую вобласьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна: Расея зноў спрабуе прабіцца да Харкава і зрабіць яго «прыфрантавым горадам»


Брытанская выведка мяркуе таксама, што Расея зь вялікай імавернасьцю рыхтуецца задзейнічаць на ўсходзе Данбаса значную колькасьць рэзэрвовых частак.

Расея ўжо даўно лічыць за лепшае не паведамляць пра колькасьць ахвяраў сярод асабовага складу сваіх войскаў ва Ўкраіне.

Аднак упаўнаважаная па правах чалавека ў «ДНР» Дар’я Марозава на мінулым тыдні заявіла пра 2128 загінулых і 8897 параненых апалчэнцаў з пачатку 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўнікам у Расеі прапануюць «службовыя выправы» ў Херсон і Запарожжа

Вось ужо некалькі месяцаў з Данецкай вобласьці паступаюць паведамленьні, што цывільных асобаў у прымусовым парадку запісваюць у апалчэнцы і кідаюць у бой, прычым у старым абмундзіраваньні і часта са старой зброяй, якая павінна была быць сьпісаная дзесяцігодзьдзі таму, так што гаварыць пра высокі баявы дух гэтых апалчэнцаў не выпадае.

Паводле зьвестак Службы бясьпекі Ўкраіны, якія нельга праверыць зь незалежных крыніцаў, некаторыя вайскоўцы «ДНР» параўноўваюць умовы сваёй службы з рабствам і гатовыя дэзэртаваць.

Як заяўляў яшчэ ў траўні адзін з былых чыноўнікаў «ДНР» Яўген Міхайлаў, які расчараваўся ў палітыцы свайго кіраўніцтва, на перадавую кідаюць данецкіх рэзэрвістаў, якія не прайшлі належнага курсу вайсковай падрыхтоўкі, бо Расея перастала адпраўляць на фронт навабранцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь рыхтуецца ваяваць. Думка ўкраінскага вайсковага экспэрта
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША сочаць за лёсам вэтэранаў сваёй арміі, якія, імаверна, трапілі ў расейскі палон ва Ўкраіне