Праваабаронцы паведамляюць аб новых фактах ціску на асуджаных палітвязьняў

Ігар Аліневіч, архіўнае фота, 2017 год

Аб новых фактах ціску на асуджаных палітвязьняў са спасылкай на беларускіх праваабаронцаў інфармуе агенцтва БелаПАН.

Алег Рубец зь Пінску, прыгавораны да 5,5 года калёніі, пераведзены на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады. У лютым сёлета адміністрацыя наваполацкай калёніі, дзе Рубец адбываў пакараньне, адправіла яго ў штрафны ізалятар на 40 сутак, а затым — у памяшканьне камэрнага тыпу, а таксама пазбавіла перадач, званкоў і лістоў.

Будучы палітвязень быў затрыманы 10 жніўня 2020 году ў родным горадзе і абвінавачаны па арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 чэрвеня: майстра спорту па паўэрліфтынгу затрымалі за вывешваньне «пратэстнай сымболікі»

Зьміцер Сушчык, асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі, ня мае права на перадачы, званкі і спатканьні. З красавіка ён знаходзіцца ў аршанскай калёніі, за гэты час ад яго не было лістоў. Паводле інфармацыі сваякоў, хутчэй за ўсё, ён у ШІЗА. Сушчык асуджаны па арт. 368 (абраза прэзыдэнта) і 370 (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў). Летась у лістападзе ён быў затрыманы і адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе. 17 лютага сёлета Сушчыка, які спрабаваў уцячы з краіны, затрымалі расейскія памежнікі і перадалі беларускаму боку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтка, настаўніца, рэпэр, мультыплікатар: расказваем, каго КДБ дадаў у «сьпіс тэрарыстаў»

Анархіст Ігар Аліневіч пасьля карантыну ў калёніі ў Мазырскім раёне, куды яго этапавалі адбываць 20-гадовы тэрмін, быў адпраўлены ў ШІЗА на 20 сутак. Аліневіч асуджаны па трох артыкулах КК: 289 (акт тэрарызму), 295 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і 3331 (незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў).