Расейскі вайсковы карабель двойчы парушыў марскую мяжу Даніі

Ілюстрацыйнае фота

Расейскі вайсковы карабель у ноч на пятніцу двойчы парушыў мяжу тэрытарыяльных водаў Даніі ў Балтыйскім моры побач з востравам Борнгальм.

На востраве ў гэты час праходзіў Фэстываль дэмакратыі, на якім прысутнічалі прэм’ер-міністар Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн і многія афіцыйныя асобы. Міністар замежных спраў Даніі Епэ Кофад назваў такія паводзіны расейскіх вайскоўцаў «грубай і недапушчальнай» правакацыяй.

З прычыны інцыдэнту з караблём пасла РФ у Капэнгагене тэрмінова выклікалі ў дацкі МЗС. МЗС Расеі пакуль не дало афіцыйных камэнтароў. Назва карабля не паведамляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада і Данія завяршылі «самую мірную вайну» ў гісторыі

Непасрэднай пагрозы Даніі ці фэстывалю не было, заявіў міністар абароны краіны Мортэн Бадскаў. Аднак ён падкрэсьліў, што сытуацыя ў Балтыйскім моры становіцца напружанай.

Тым часам Бі-Бі-Сі са спасылкай на NATO паведаміла, што расейскія вайсковыя самалёты штодня лятаюць у непасрэднай блізкасьці ад паветраных межаў NATO — настолькі блізка, што ўваходзяць у рызыку сутыкненьня з самалётамі Паўночнаатлянтычнага альянсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данія аднавіла выдачу візаў беларусам. Праўда, пакуль ня ў Менску