Пасьля публікацыі пра людзей, якія трапілі ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», у рэдакцыю Свабоды зьвярнуўся сябар сям’і аднаго з затрыманых — Андрэя Кандратовіча з Горадні.
«Яго затрымалі 29 верасьня ў справе камэнтатараў пасьля гібелі Андрэя Зельцара. Пяць дзён Кандратовіча пратрымалі на Акрэсьціна, потым перавялі ў Жодзіна, а ў лістападзе перавезьлі ў горадзенскую турму № 1. Калі знаходзіўся ў Жодзіне, то не прымалі нават рэчы, таму ён два месяцы правёў бязь зьменнага адзеньня», — расказаў знаёмы.
Кандратовіча абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 130 («Распальваньне варожасьці»). Для сям’і ўнясеньне Андрэя ў «сьпіс тэрарыстаў» было нечаканым, яны дазналіся пра гэта са СМІ, асабіста ніхто не паведамляў.
Андрэй Кандратовіч з жонкай і дзіцем
Сям’я Кандратовічаў жыве ў Горадні. Сам Андрэй нарадзіўся на Берасьцейшчыне, але гадаваўся ў Ваўкавыскім раёне, адзінае дзіця ў сям’і. Яму 31 год. Скончыў БНТУ. Працаваў амаль восем гадоў на прадпрыемстве «Горадняжылбуд» наладчыкам вежавых кранаў. У ягонай сям’і двое дзяцей — дачцэ шэсьць гадоў, а сыну яшчэ няма двух.
Знаёмыя і блізкія трое сутак пасьля затрыманьня ня ведалі, дзе Андрэй, пакуль не прыйшла «паперка» з КДБ.
«Ён заўсёды вельмі спагадлівы, у калектыве яго паважалі. На працы яго чакаюць, хвалююцца пра яго лёс. У пратэстах Андрэй ня ўдзельнічаў», — кажа знаёмы.
Затрымлівалі Кандратовіча на працы, у 20:30, калі ён выйшаў на начную зьмену. У той жа час у кватэры адбываўся вобшук.
«Заблякавалі працоўную картку Андрэя, фактычна пазбавілі сям’ю апошніх грошай. Кандратовіч доўга марыў пра ровар, сям’я падарыла яму яго на дзень нараджэньня, толькі пару месяцаў пакатаўся. Цяпер піша ў лістах, што яму не хапае «жалезнага сябра».
Калі ў паўсядзённым жыцьці Андрэй рэдка зьвяртаўся да творчасьці, то ў турме стаў маляваць, пісаць вершы.
«Усе яго чакаюць, ніхто ня верыць у абвінавачаньне. Дата пачатку суду яшчэ невядомая, але, хутчэй за ўсё, працэс пачнецца 28 чэрвеня. У суд справу перадалі яшчэ 14 траўня», — расказаў сябра Андрэя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтка, настаўніца, рэпэр, мультыплікатар: расказваем, каго КДБ дадаў у «сьпіс тэрарыстаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 чэрвеня: КДБ абнавіў сьпіс «тэрарыстаў»; беларуса, які вярнуўся з Польшчы, будуць судзіць за наезд на сілавіка