​​«Дзіма прасіў разьвеяць ягоны прах над морам». Удава расказала пра загінулага ў аўтакатастрофе ў Румыніі беларускага добраахвотніка

Дзьмітры Воўк, фота зь сямейнага архіву

14 чэрвеня недалёка ад гораду Ынсурэцэй у Румыніі адбылася аварыя. Грузавік, якім кіраваў 51-гадовы мясцовы жыхар, раптоўна выехаў на сустрэчную паласу, адбылося лабавое сутыкненьне зь легкавіком, які ехаў насустрач.

У легкавіку знаходзіліся грамадзяне Беларусі — 35-гадовы Дзьмітры Воўк і 27-гадовы Яўген Шкраба. Мужчыны жылі ў Адэсе, уступілі там у беларускі добраахвотніцкі атрад «Ліцьвін», а праз Румынію ехалі ў Чарнагорыю, дзе знаходзілася сям’я Дзьмітрыя. Абодва беларусы памерлі ад атрыманых пры аварыі траўмаў.

Яўген Шкраба (зьлева) і Дзьмітры Воўк

Жонка Дзьмітрыя Маргарыта пагадзілася расказаць Свабодзе пра мужа, іх гісторыю каханьня, барацьбу ў Беларусі і пераезд ва Ўкраіну.

Пазнаёміліся на дыскатэцы

Дзьмітры Воўк родам з Баранавічаў. Там жа скончыў мясцовы БарДУ па спэцыяльнасьці «Эканаміст», але ніколі па адукацыі не працаваў. Спачатку зарабляў на будоўлях, потым вывучыўся на тэставальніка. Працаваў у фірме, якая займалася выпускам кампутарных гульняў.

Маргарыта сама з Карэлічаў, а ў Баранавічы прыяжджала да сваякоў. У сьнежні 2005 году хлопец і дзяўчына пазнаёміліся на дыскатэцы. Сустракаліся месяц і разышліся. Праўда, яшчэ праз тры месяцы вырашылі, што ім цікава разам, аднавілі стасункі. У 2008-м Дзіма і Рыта пажаніліся.

«Мы жылі зь ім нейкі час у Менску, але потым вырашылі, што бадзяцца па здымных кватэрах надакучыла, тады пачалі будаваць уласны дом у Смалявічах. За гэты час у нас нарадзілася двое сыноў. Будоўля ішла марудна, бо заробкі былі невялікія, а мы не хацелі ўлазіць у пазыкі. Рабілі як маглі ўсё сваімі сіламі. Мы нават пераехалі ў Смалявічы, дом яшчэ быў недабудаваны, дык жылі ў лазьні. Зрабілі гэта для таго, каб сын пайшоў у першую клясу ўжо Смалявічах», — расказвае Маргарыта.

Дзьмітры Воўк з жонкай Маргарытай

«Мы актыўна ўліліся ва ўсе маршы»

Кардынальна жыцьцё пары, як і многіх іншых беларусаў, зьмяніў 2020 год. Тады Дзіма і Рыта ўключыліся ва ўсе пратэставыя актыўнасьці.

«Віктар Бабарыка быў тады нашым фаварытам. Мы сталі цікавіцца палітыкай. Раней мы таксама ведалі, хто былі кандыдатамі, ведалі пра пасьлявыбарныя пратэсты, але ні ў чым ня ўдзельнічалі, да нашага сораму. У 2020-м усё зьмянілася. Мы актыўна ўліліся ва ўсе маршы, зборы людзей, я стаяла ля ЦВК за Ціханоўскую. 9 жніўня мы былі на Нямізе. Нават знарок пераехалі ў Менск, амаль штодзённа хадзілі на акцыі», — расказвае Маргарыта.

У верасьні Дзьмітрыя ўпершыню затрымалі. Гэта адбылося на вуліцы Казлова ў Менску. Мужчына адбыў у зьняволеньні трое сутак, а пасьля яму далі штраф у памеры трох базавых велічынь.

«Нам тады гэта здалося шчасьцем. Мы не спынілі на гэтым актыўнасьці. Калі ўжо пачаліся дваравыя маршы, то актыўнічалі ў Смалявічах, заняліся там арганізацыяй мерапрыемстваў. Так для нашых людзей быў арганізаваны канцэрт РСП, дзе ўсіх затрымалі. Мяне адпусьцілі на трэція суткі, а Дзіму прысудзілі 15 дзён зьняволеньня. Усе дапытаныя казалі, што моцна цікавяцца Дзімам, яго вылічылі як адміна закрытых чатаў. Я баялася, што яго ня выпусьцяць на волю, а адразу завядуць крымінальную справу. Але ён выйшаў разам з усімі».

Дзьмітры Воўк зь сям'ёй

Жыцьцё ва Ўкраіне

Пакуль Дзьмітры быў на «сутках», дадому да іх прыходзілі з вобшукам. Па вызваленьні сям’я прыняла рашэньне, што Дзьмітры выедзе зь Беларусі. 3 сакавіка 2021 году ён прыехаў у Кіеў. Сям’я пераехала не адразу: хацелі, каб дзеці скончылі навучальны год.

Паколькі ў аднаго з сыноў алергія на пыл, то было прынятае рашэньне ехаць да мора, месцам жыхарства яны выбралі Адэсу.

«Я прыехала зь дзецьмі ў чэрвені 2021 году. Ведаеце, мы нават не дапускалі сабе думак пра нейкі адпачынак, ці любаваньне відамі: штотыдзень арганізоўвалі акцыі, зьбіралі сустрэчы дыяспар, бралі на сябе ўсе арганізацыйныя моманты. Хацелі правесьці вельмі яркую акцыю да рэфэрэндуму 27 лютага, але пачалася вайна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чакаю міру і страйкаў у Беларусі». Доктар Салавей аб працы ў ваеннай Адэсе, канфлікце паміж добраахвотнікамі і нэкралёгу на першай паласе

«Не хачу, каб зло распаўсюджвалася далей»

З жонкай Маргарытай

24 лютага сям’я Воўка прачнулася а пятай ранку ад выбухаў. Сабралі рэчы, пераехалі да іншых беларусаў, якія жылі ў прыватным доме, — там можна было хавацца ад бамбаваньня ў падвале. На агульным зборы беларускай дыяспары было прынята рашэньне, што большасьць выяжджае. Дзьмітры вывозіў у Малдову сваю сям’ю, а таксама яшчэ адну маці з дваімі дзецьмі.

«У Малдове ён хадзіў вельмі задуменны, а празь некалькі дзён сказаў, што вяртаецца ў Адэсу. Сказаў, што быў вымушаны выехаць зь Беларусі, здрадзіўшы людзям, і ня хоча цяпер, каб зло распаўсюджвалася далей. Казаў, што дзеля будучыні дзяцей робіць гэта і ня можа быць у баку, калі гінуць людзі».

У Адэсе мясцовыя беларусы сфармавалі атрад, які дапамагаў у патруляваньні гораду тэрытарыяльнай абароне і паліцыі, атрымлівалі граматы ад паліцыі. У Дзьмітрыя пазыўны быў «Крачка», у Яўгена — «Пагоня». Маргарыта прасіла Дзьмітрыя заставацца толькі ў Адэсе, каб ёй было спакайней.

«Гэта працягвалася да той пары, пакуль да іх не ўвараліся людзі з палка Каліноўскага. Хлопцы баяліся потым за свае жыцьці. Я прасіла яго зьехаць з Украіны, мы на той момант ужо былі ў Чарнагорыі. У нашых беларусаў засталася машына ў Адэсе, а яны самі ў Чарнагорыі, прапанавалі паехаць на гэтай машыне да нас».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ад беларусаў ня ўзяў бы нават ваткі і бінціка». Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская пра тое, як беларусам дапамагаць Украіне

Доўга не пускалі ў Румынію

Дзьмітры з сынам

Яўген Шкраба доўга вагаўся, ці ехаць яму разам зь Ваўком у Чарнагорыю, але ўсё ж пагадзіўся. Мужчыны доўга не маглі прайсьці румынскую мяжу, памежнікі іх заварочвалі, бо тыя ня мелі візы, хаця мелі права на транзыт праз Румынію. Тым больш у Дзьмітрыя на руках былі ўсе дакумэнты, што яго ў Чарнагорыі чакае сям’я.

«На першым пункце іх не прапусьцілі, не хацелі пускаць і на другім. Зьвярталіся ў прадстаўніцтва ААН па ўцекачах. Прыкладна а апоўдні 14 чэрвеня ён даслаў мне шчасьлівы фатаздымак, што мяжу атрымалася перасячы. Яны пасьпелі ад’ехаць толькі 100 кілямэтраў ад мяжы, калі сустрэлі фуру».

«Ён ніколі не павышаў голас»

Цяпер Маргарыта афармляе румынскую візу, ёй дапамагае ва ўсім беларуская дыяспара ў Чарнагорыі. Яны спадзяецца ў нядзелю выехаць у Румынію, а ў панядзелак вырашаць пытаньне, каб забраць цела.

«Калі Дзіма вяртаўся ў Адэсу, то гэта было ці прадчуваньне, ці таму, што ехаў у бок вайны, ён сказаў мне: „Калі са мной нешта здарыцца, то разьвей мой прах над морам“. У Румыніі я буду даведвацца пра крэмацыю, каб выканаць ягоную волю».

Маргарыта кажа, што заўсёды адчувала сябе абароненай побач з мужам.

«Калі шчыра, гэта былі вельмі шчасьлівыя гады. Ён ніколі не дазваляў павысіць голас, не выкарыстоўваў нецэнзурнай лексыкі, спакойна на ўсё рэагаваў. Усе трынаццаць гадоў я рэальна была „за мужам“. Ён мяне ахоўваў ва ўсім. Гэта быў цудоўны муж і тата, які прысутнічаў пры родах дзяцей. Уставаў сярод ночы, карміў малых, захутваў, дапамагаў мне ва ўсім».

Дзьмітры Воўк зь дзецьмі

Хто такі Яўген Шкраба

Пра Яўгена Шкраба вядома, што ён родам з Жодзіна, працаваў айцішнікам. Таксама быў вымушаны прайсьці праз адміністрацыйныя зьняволеньні. Ва Ўкраіну ён пераехаў у сакавіку 2021 году. І таксама спачатку пажыў у Кіеве, а потым перабраўся ў Адэсу.

«Жэня — вельмі добры хлопец, заўжды адгукаўся на любыя просьбы. Любіў гуляць з нашымі дзецьмі, быў іхным найлепшых сябрам, вадзіў на пляж, абяцаў звазіць на рыбалку».

Вядома, што ў Яўгена Шкраба ў Мікалаеве засталіся сваякі — маці і сястра. Ён часта езьдзіў у Мікалаеў, вазіў туды гуманітарку, капаў акопы. Ён плянаваў вярнуцца ва Ўкраіну, каб заключыць кантракт з УСУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі беларусы. Колькі іншаземцаў і зь якіх краін змагаюцца на баку Ўкраіны ў вайне з Расеяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ішлі ў бой і ведалі, што хтосьці з нас загіне». Добраахвотнік «Кусь» быў у БРСМ і ў выбарчых камісіях, а цяпер у палку імя Каліноўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь вярнуся толькі на танку». Добраахвотнік «Хмель» пра моцнае раненьне на фронце, уцёкі з «хіміі» і беларускіх сваякоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Батальён Кастуся Каліноўскага абвясьціў аб стварэньні аднайменнага палка