У гомельскай турме судзяць палітзьняволеную Вікторыю Кульшу за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»

Вікторыя Кульша, архіўнае фота

Чарговы суд над Вікторыяй Кульшай, якую летась пакаралі 2,5 гадамі зьняволеньня, на гэты раз праходзіць у калёніі.

Справу палітзьняволенай разглядае судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Гомля Сяргей Мальцаў, паведамляе «Гомельская Вясна».

Яе абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі». Выяздное пасяджэньне суду праводзіцца ў турме. Таму наведнікі, якія ня маюць права ўваходу на тэрыторыю калёніі, прысутнічаць ня могуць.

У канцы сакавіка супраць адміністратаркі тэлеграм-каналу «Кіроўцы 97%» Вікторыі Кульшы завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы).

Гэта ўжо другі выпадак, калі адміністрацыя гомельскай калёніі № 4 ініцыюе крымінальную справу супраць палітзьняволеных. Нядаўна па гэтым артыкуле асудзілі актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі яшчэ на год калёніі

Палітзьняволеную Вікторыю Кульшу затрымалі 4 лістапада 2020 году. Яе абвінавацілі па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і падрыхтоўка альбо навучаньне такой дзейнасьці) і прысудзілі 2,5 года калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 чэрвеня: Адвакат Брагінец ня выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту, у Менску затрымалі дырэктара мэдцэнтру