Справу Зяньковіча, Кастусёва і Фядуты перадалі ў суд. Ім пагражае да 12 год турмы
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута і Рыгор Кастусёў
Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Генэральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачаньні Юрыя Зянковіча, Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады.
Да судовага працэсу іх пакінулі пад вартай. Паводле 1 часткі артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу ім пагражае да 12 год пазбаўленьня волі.
Зянковічу таксама інкрымінавалі:
стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім (ч.1 арт.361-1 КК);
публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (ч.3 арт.361 КК);
распальваньне сацыяльнай варожасьці і розьні, учыненае групай асоб (ч.3 арт. 130 КК).
Агулам па крымінальнай справе ў якасьці абвінавачаных прыцягнутыя 5 чалавек.
Аляксандар Фядута і Рыгор Кастусёў абвінавачваюцца ў змове, учыненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук абвінавачваюцца ў актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт.342 КК).