Праз вайну многія школьнікі так яшчэ і ня скончылі свой навучальны год, а многія ня змогуць прадоўжыць навучаньне, каб атрымаць вышэйшую адукацыю.
Свабода разьбіралася, як вайна паўплывала на адукацыю ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як пасьля расейскай акупацыі Ірпяня выглядае школа, у якой вывучалі беларускую мову, і што гаворыць дырэктарка пра беларусаў. ФОТАНавучальны працэс працягваецца ў 14 рэгіёнах
Сёлета апошні званок ва ўкраінскіх школах мусіў прагучаць 27 траўня. Але вайна істотна паўплывала на арганізацыю навучальнага працэсу.
Паводле міністра адукацыі Ўкраіны Сяргея Шкарлета, цяпер толькі ў чатырох з 25 рэгіёнаў Украіны (бяз Крыму і Севастопалю. — РС) навучальны год завяршыўся. У 14 навучаньне працягваецца дыстанцыйна, а ў сямі часткова працягваецца дыстанцыйна ці цалкам спынена.
Своечасова навучальны год закончыўся хіба толькі ў Чаркасах, і раней на два месяцы — у акупаваным Херсоне.
Колькасьць часова перамешчаных школьнікаў, якія далучыліся да адукацыйнага працэсу ў іншых гарадах і школах, перавышае 79 тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве, нягледзячы на пагрозу новых абстрэлаў, пачалі аднаўляць разбураныя ракетамі жылыя будынкі. ФОТАЯк ацэньваюцца веды і ці будзе паступленьне ў ВНУ
Праз вайну скасавалі правядзеньне дзяржаўнай выніковай атэстацыі. Яна праходзіла толькі ў тых школах, дзе ўцалелі дакумэнты. Калі дакумэнты страчаныя або школа цалкам зьнішчаная, то вучням выстаўлялі адзнакі па выніках пісьмовых кантрольных.
Настаўнікам дазволілі ацэньваць веды ня ў балах, а залікам — у тых выпадках, калі дзеці ня мелі магчымасьці вучыцца або большая частка навучаньня адбывалася дыстанцыйна.
Дзеці з акупаваных тэрыторый маглі далучыцца да любой школы онлайн і атрымаць у ёй атэстат.
Праз вайну таксама скасавалі традыцыйныя ўступныя іспыты (вонкавае незалежнае ацэньваньне) у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Для паступленьня ў ВНУ выпускнікі мусяць прайсьці мультыпрадметны тэст. Але ён будзе праводзіцца толькі ў кантраляваных Украінай абласьцях. Дзецям з акупаваных тэрыторый давядзецца чакаць дадатковай магчымасьці, калі яны ня могуць выехаць у іншыя вобласьці Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Каб аднавіць разбураны мост між беларусамі і ўкраінцамі». Размова з куратаркай праекту для мэнэджараў культуры зь БеларусіЗ новага навучальнага году ў школах увядуць навучаньне міннай бясьпецы
Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны абвясьціла, што ў наступным навучальным годзе адукацыйны працэс будзе адбывацца непасрэдна ў школах. Цягам лета адмыслоўцы адкарэктуюць і шэраг праграм.
У прыватнасьці, як паведаміў намесьнік міністра адукацыі Андрэй Вітрэнка, зьмены будуць унесеныя ў навучаньне такім прадметам, як абарона Айчыны, замежная літаратура, гісторыя Ўкраіны і ўсясьветная гісторыя.
Найперш, паводле яго, пры вывучэньні прадмета «Абарона Айчыны» ўвага школьнікаў будзе канцэнтравацца на практычных пытаньнях.
«Дзеці павінны ведаць, умець; будзе ўзмоцнена нацыянальна-патрыятычнае выхаваньне і будзе асобны блёк, аб супрацьміннай дзейнасьці. Каб дзеці ўсьведамлялі, што нельга чапаць тое, што нясе для іх небясьпеку», — патлумачыў намесьнік міністра Андрэй Вітрэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Лісічанску Луганскай вобласьці расейцы зьнішчылі гімназію, якая перажыла дзьве сусьветныя вайныБез Льва Талстога
З праграмы па замежнай літаратуры плянуецца выключыць вывучэньне раману расейскага пісьменьніка Льва Талстога «Вайна і мір».
«Усё, што праслаўляе оркаўскія войскі, зьнікне з праграмы замежнай літаратуры», — падкрэсьліў Андрэй Вітрэнка.
«Гісторыя Ўкраіны і ўсясьветная гісторыя. Мы ганарымся, што ўжо грунтуемся на нацыянальных украінскіх архіўных дакумэнтах. Будуць унесеныя зьмены ў мэтадалёгію выкладаньня гэтых прадметаў. Працоўныя групы ўважліва апрацуюць усе зьмены і будуць выпісаныя дачыненьні між украінскай нацыяй і „русским миром“ на глебе гістарычнай праўды», — дадаў намесьнік міністра адукацыі і навукі Ўкраіны, выступаючы ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як Марыюпаль дынамічна разьвіваўся да вайны і чаму ён так патрэбны расейцамВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.