Пасьля публікацыі Радыё Свабода створаныя перад вайной беларускія ТГ-каналы адначасова спынілі працу

Ілюстрацыйнае фота

Каналы зь дзясяткамі тысяч падпісчыкаў сынхронна перасталі абнаўляцца ў канцы красавіка, празь дзесяць дзён пасьля таго, як Свабода апублікавала матэрыял пра іх.

18 красавіка на Свабодзе выйшла публікацыя, прысьвечаная сетцы беларускіх тэлеграм-каналаў, сынхронна створаных у пачатку лютага. Усе яны пачалі раскручвацца за некалькі дзён да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Самы папулярны ў сярэдзіне красавіка меў больш за сто тысяч падпісчыкаў. Публікацыі на створаных сынхронна каналах капіявалі тэкст навінаў зь дзяржаўных і недзяржаўных СМІ і збольшага прытрымліваліся падкрэсьлена нэўтральнай пазыцыі. Апытаныя Свабодай экспэрты гаварылі пра магчымасьць «накрутак» аўдыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыхтаваліся да вайны ва Ўкраіне. У Telegram зьявілася сетка сумнеўных беларускіх каналаў з сотнямі тысяч падпісчыкаў

Прыкладна празь дзесяць дзён пасьля публікацыі Свабоды ўсе згаданыя ў матэрыяле тэлеграм-каналы перасталі абнаўляцца. Гэта адбылося на працягу некалькіх дзён, з 27 па 29 красавіка. Адначасова рэзка скарацілася іхная аўдыторыя.

«Полымя». Апошняя публікацыя 27 красавіка, мінус 20 тысяч падпісчыкаў

Канал быў створаны 1 лютага, актывізаваўся роўна за дзень да пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. На піку аўдыторыя канала складала 70 тысяч падпісчыкаў. Частата абнаўленьняў, як і ў іншых згаданых у публікацыі Свабоды каналаў, — раз на 24 гадзіны.

27 красавіка «Полымя» перастала абнаўляцца зусім, апошняя публікацыя там прысьвечана «патрыятычнаму» выхаваньню беларускай моладзі. За больш чым месяц маўчаньня ад «Полымя» адпісаліся каля 20 тысяч падпісчыкаў, цяпер ён мае аўдыторыю менш за 50 тысяч. Гэта параўнальна з тэлеграм-каналамі «Нашай нівы» альбо Свабоды.

«Писулька». Апошняя публікацыя 29 красавіка, плюс 4 тысячы падпісчыкаў

Тэлеграм-канал «Писулька» таксама быў створаны 1 лютага. Як і ў папярэднім выпадку, за дзень да пачатку вайны ва Ўкраіне ў яго адразу зьявілася больш як 35 тысяч новых падпісчыкаў, у сярэдзіне красавіка іх было ўжо каля 58 тысяч. Пры гэтым з моманту пачатку баявых дзеяньняў у канале зьяўлялася ўсяго адна публікацыя на дзень. Як і ў канале «Полымя», гэта былі адкарэктаваныя тэксты іншых каналаў і СМІ.

Апошняе паведамленьне на «Писульцы» зьявілася 29 красавіка, аднак на аўдыторыю канала гэта амаль ніяк не паўплывала. Яна за паўтара месяца нават крыху павялічылася і цяпер складае амаль 62 тысячы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як абараніць свой кампутар і тэлефон. Парады экспэрта ў лічбавай бясьпецы

«Беларусь. Галоўнае». Апошняя публікацыя 28 красавіка. Мінус 37 тысяч падпісчыкаў

Тэлеграм-канал «Беларусь. Галоўнае» быў створаны 1 лютага 2021 году. Перад пачаткам вайны Расеі супраць Украіны яго аўдыторыя рэзка вырасла да больш як 100 тысяч падпісчыкаў. У сярэдзіне красавіка іх на канале было каля 135 тысяч. Канал «Беларусь. Галоўнае» ўсяго за некалькі месяцаў існаваньня займаў 11-ы радок у сьпісе самых папулярных тэлеграм-каналаў Беларусі па колькасьці падпісчыкаў. Абнаўляцца канал «Беларусь.

Галоўнае» перастаў амаль адначасова з двума папярэднімі — 28 красавіка. У апошняй публікацыі, як і ва ўсіх папярэдніх, пералік некаторых навінаў і галоўных падзей за дзень. Цяпер на канале 98 тысяч падпісчыкаў.

Прыкладна тая ж сытуацыя і зь іншымі згаданымі ў публікацыі Свабоды тэлеграм-каналамі — «ОРБИТ», «Западные зайчики», «Белмемнадзор». Усе яны спынілі абнаўленьне ў пэрыяд з 27 па 29 красавіка, але пакуль не закрываюцца цалкам і не выдаляюць ранейшых допісаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як абараніць сябе ад тэхналягічнай зброі ўладаў. Парады праваабаронцаў Human Rights First

Усе згаданыя тэлеграм-каналы ў асноўным пісалі пра падзеі ўнутры Беларусі, вайна Расеі супраць Украіны згадвалася там выключна ў гэтым кантэксьце. Пры гэтым уварваньне Расеі ва Ўкраіну, нягледзячы на прысутнасьць крытыкі ў адрас Лукашэнкі, у пастах магло называцца ў тым ліку «спэцапэрацыяй». Згадваюцца там таксама і падзеі ў Бучы, аднак ускосна, праз кантакты паміж Пуціным і Лукашэнкам.

«Чаму так адбылося і што далей будзе з гэтымі тг-каналамі, складана сказаць, — паведаміў у размове са Свабодай SMM-спэцыяліст, у абавязкі якога ўваходзіць вядзеньне каналаў у Telegram. — Магчыма, скончыліся грошы на іх абслугоўваньне. Магчыма, яны пакуль не патрэбны. Зразумела толькі, што ўсе гэтыя ТГ-каналы зьвязаныя з адным чалавекам альбо групай людзей. Яны зьявіліся і спыніліся амаль адначасова. Але іх ня выдалілі, там застаюцца падпісчыкі. Магчыма, усе яны яшчэ „ажывуць“, калі ўласьніку спатрэбіцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дзяржпрапаганда даказала, што Польшча ня мае нічога супольнага зь беларускімі пратэстамі і тэлеграм-каналамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Telegram выдаліў канал ГУБАЗіКу — яны стварылі новы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне за перадачу зьвестак пра перасоўваньне вайсковай тэхнікі завялі 7 крымінальных спраў