Жыхар Полацку і былы ўдзельнік страйку Ўладзімер Крысёнак 30 траўня забіў сябе. Перад гэтым яго затрымлівалі сілавікі: прымушалі даць паказаньні і пагражалі вялікім тэрмінам у калёніі.
Уладзімер жыў у Полацку, працаваў на наваполацкім «Нафтане» апэратарам устаноўкі дэпарафанізацыі. Да 2020 году палітычнай актыўнасьці не праяўляў. Але увосень пасьля выбараў далучыўся да страйку, затым стаў актыўным удзельнікам незалежнага прафсаюзу, займаў пасаду старшыні, піша пра яго «Наша ніва».
Пасьля сыходу з «Нафтану» нейкі час Крысёнак езьдзіў на працу ў Расею.
«Калі пачалася вайна, ён вярнуўся. Аказваецца, яго яшчэ тады на нейкі час затрымалі беларускія сілавікі, але пасьля адпусьцілі», — расказвалі «Нашай ніве» людзі, знаёмыя з сытуацыяй.
Магчымасьць зьехаць з Беларусі ў яго была, кажуць суразмоўцы, але Ўладзімер не хацеў.
«Апошнім часам ён жыў сам, з жонкай разьвёўся, замкнуўся ў сабе. Ён цяжка перажываў тое, што адбываецца. Перажываў і за тое, што дзеецца ў Беларусі, і што ва Ўкраіне пачалася вайна, — кажуць суразмоўцы "Нашай нівы".— А 24 траўня па яго прыйшлі сілавікі.
Чаму і дзе затрымалі Ўладзімера, дакладна не вядома. Але вядома, што сілавікі на яго ціснулі: прымушалі даць на кагосьці паказаньні. Калі адмовіцца, пагражалі, што сядзе на 12 гадоў. Але ён не хацеў паклёпнічаць».
У выніку Ўладзімір выйшаў пад падпіску аб невыездзе. У якім статусе (падазраванага, сьведкі ці каго яшчэ), інфармацыі няма. Празь дзень пасьля выхаду ён павесіўся на матчыным лецішчы ў вёсцы Глінішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнік страйку на «Нафтане» скончыў жыцьцё самагубствам. За тыдзень да гэтага яго затрымлівалі сілавікі