Новы прэзыдэнт самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі Алан Гаглоеў прыпыніў рэфэрэндум аб уваходжаньні рэспублікі ў склад Расеі. Раней галасаваньне прызначыў на 17 ліпеня былы кіраўнік рэспублікі Анатоль Бібілаў.
Гаглоеў настойвае на правядзеньні кансультацый з расейскім бокам адносна пытаньняў, зьвязаных з далейшай інтэграцыяй рэспублікі. Да заканчэньня перамоваў указ аб рэфэрэндуме прыпынены, паведамляе ТАСС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Паўднёвай Асэтыі прызначылі дату рэфэрэндуму аб уваходжаньні ў Расею- Былы прэзыдэнт рэспублікі Анатоль Бібілаў падпісаў указ аб правядзеньні 17 ліпеня рэфэрэндуму наконт уваходжаньня Паўднёвай Асэтыі ў склад Расеі.
- У красавіку 2022 году ў рэспубліцы адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамог лідэр парты «Ныхас» Алан Гаглоеў, атрымаўшы 56,09% галасоў выбарнікаў.
- Да 1990 году Паўднёвая Асэтыя была аўтаномнай вобласьцю ў складзе Грузінскай ССР, з 1992 году існавала як непрызнаная дзяржава. У жніўні 2008 году, пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны, была прызнана Расеяй як незалежная рэспубліка. У 2009 годзе ў Грузіі быў прыняты закон, паводле якога Паўднёвая Асэтыя лічыцца тэрыторыяй, акупаванай Расеяй.
- Крэмль заяўляў, што ня мае дачыненьня да ідэі правядзеньня рэфэрэндуму.