Канцлер Аўстрыі абмеркаваў з Пуціным абмен палоннымі

Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр

Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правялі тэлефонную размову. Яна адбылася з ініцыятывы аўстрыйскага боку і працягвалася 45 хвілін.

Як паведамляе прэс-служба Крамля, Уладзімір Пуцін падчас размовы сказаў, што ўкраінскаму боку трэба як мага хутчэй разьмінаваць парты для свабоднага праходу заблякаваных суднаў у акваторыях Азоўскага і Чорнага мораў. Таксама ён заявіў, што Кіеў сабатаваў перамоўны працэс Расеі і Ўкраіны.

Нэгамэр заявіў журналістам, што размова з Пуціным была «вельмі напружаная і сур’ёзная». Паводле яго слоў, падчас размовы абмяркоўвалася магчымасьць абмену палоннымі з Украінай. Як піша газэта Kleine Zeitung са спасылкай на словы канцлера, Пуцін пагадзіўся даць Чырвонаму Крыжу доступ да палонных. Прэс-служба Крамля пра абмеркаваньне магчымага абмену ваеннапалоннымі не паведамляе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баі за Данбас, абстрэл Днепрапятроўшчыны і Харкава. 93-і дзень вайны Расеі супраць Украіны