Зяленскі даручыў прэм’ер-міністру Ўкраіны працаваць над увядзеньнем візавага рэжыму для грамадзян Расеі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, Кіеў, 25 траўня 2022 г.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даручыў прэмʼер-міністру Дзянісу Шмыгалю «прапрацаваць» увядзеньне візавага рэжыму для грамадзян Расеі. Пра гэта гаворыцца ў яго адказе на электронную пэтыцыю, якая была апублікаваная на афіцыйным інтэрнэт-прадстаўніцтве прэзыдэнта Ўкраіны.

«На фоне поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ўзьнятае пытаньне важнае і актуальнае, таму неабходнасьць узмацненьня рэжыму кантролю за ўездам грамадзян РФ на тэрыторыю Ўкраіны падтрымліваю. З улікам выкладзенага прэмʼер-міністру Ўкраіны Д. Шмыгалю накіраваны адпаведны ліст з просьбай прапрацаваць названае пытаньне», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пэтыцыя набрала больш за 25 тысяч подпісаў, неабходных для разгляду пытаньня прэзыдэнтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бітва за Данбас, абстрэлы Запарожжа, Крывога Рогу, Мікалаева. 91-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны