Рада ЭЗ ухваліла выдзяленьне 500 мільёнаў эўра на патрэбы Ўзброеных сіл Украіны

Украінскія вайскоўцы, Харкаўская вобласьць, травень 2022

Рада ЭЗ 24 траўня ухваліла выдзяленьне чацьвёртага траншу дапамогі з Эўрапейскага фонду міру (EPF) у памеры 500 млн эўра, які падтрымае здольнасьць і ўстойлівасьць Узброеных сіл Украіны для абароны сувэрэнітэту краіны.

«Гісторыя заўтрашняга дня пішацца сёньня, на палях бітваў Украіны. (…) Гэтая падтрымка — толькі частка намаганьняў Эўропы, каб дапамагчы Ўкраіне абараніць сябе. ЭЗ і яго краіны-чальцы поўныя рашучасьці працягваць. Мы робім гэта з пачатку вайны і будзем рабіць гэта да канца», — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баі на Данбасе, у Марыюпалі «кадыраўцы» патрулююць вуліцы. 90-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

У рамках чацьвёртага траншу дапамогі 490 млн эўра прадугледжана на вайсковую тэхніку, яшчэ 10 млн эўра — на забесьпячэньне сродкамі індывідуальнай засьцярогі, аптэчкамі і палівам.

Раней ЭЗ выдзеліў Ўкраіне ў рамках EPF 1,5 мільярда эўра дапамогі — папярэднія траншы былі ўзгодненыя 28 лютага, 23 сакавіка і 13 красавіка 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада ЭЗ дазволіла часовую лібэралізацыю гандлю з Украінай