«Фашызм — гэта рэпрэсіі плюс ідэалёгія. У нас рэпрэсіі ёсьць, а моцнай ідэалёгіі няма і быць ня можа», — гісторык Цімафей Акудовіч

Прадстаўнікі БРСМ. Менск, 4 траўня, 2017 года. Ілюстрацыйнае фота

Гісторык Цімафей Акудовіч адказвае на пытаньне, якую ідэалёгію прапаноўвае цяперашні рэжым, разважае, ці можна назваць яе фашызмам, і тлумачыць, чаму не ўдалося зрабіць прыгожую ідэю зь беларуска-савецкай спадчыны.

Сьцісла:

  • Дзяржава ў пэўны момант пагадзілася абаперціся на ідэалёгію, прапанаваную беларускім грамадзтвам.
  • Але раптам, у разуменьні ўлады, «Радзівіл здрадзіў».
  • На пустое месца прыйшлі тыя, хто не баіцца запэцкаць рукі ў хлусьні, падтрымаць злачынствы.
  • Сучасная Беларусь усё бліжэй да фашызму і сталінізму.
  • Яны запусьцілі піянэраў, БРСМ — але так і не змаглі стварыць з савецкай ідэнтычнасьці нейкую ідэю, якая запальвала б.

— Доўгі час у беларускага рэжыму не было нейкай уцямнай ідэалёгіі, акрамя ідэі ўтрыманьня ўлады любой цаной. Але апошнім часам у прадукцыі прапагандыстаў усё больш зьяўляецца наратыву, уласьцівага расейскім шавіністам і імпэрцам. Раней ён быў маргінальны і выпадковы, але цяпер становіцца мэйнстрымам. Ці можа зараз афіцыйна запанаваць выразна рускаміраўская ідэалёгія?

— Не, мне падаецца, гэта проста рэакцыя на сытуацыю і эклектыка, сумесь розных элемэнтаў.

Цімафей Акудовіч

Дзяржава ўжо спрабавала аднойчы, на пачатку нулявых, асэнсавана стварыць ідэалёгію, калі былі запушчаныя пасады ідэолягаў, калі спрабавалі напісаць падручнік беларускай ідэалёгіі, стварылі музэй. Не атрымалася, і ўсе гэта прызналі. І дзяржава ў пэўны момант нават пагадзілася абаперціся на ідэалёгію, прапанаваную беларускім грамадзтвам. Скарына, Эўфрасіньня Полацкая, ВКЛ, «Пагоня» ў гербе Віцебскай вобласьці. Беларуская незалежнасьць, ідэнтычнасьць — на нейкім этапе нават быў пэўны кансэнсус.

Але калі грамадзтва гэтак няўдзячна «здрадзіла» дзяржаве, то гэтая ідэалёгія была адкінутая. І на пустое месца прыйшлі тыя, хто не баіцца запэцкаць рукі ў хлусьні, падтрымаць злачынствы. Гэта былі прыхільнікі ідэяў «вялікага Сталіна», якія занялі месца, што пуставала. І таму тая «ідэалёгія», якая цяпер пануе, — гэта хутчэй сьведчаньне бясьсільля ўлады, а не яе нейкай трансфармацыі.

— Калі раней сапраўды прысутнічаў кансэнсус па такіх тэмах, як беларускі сувэрэнітэт, ці па такіх дзеячах, як Каліноўскі і Касьцюшка, якія яшчэ з савецкіх часоў успрымаліся як нацыянальныя героі Беларусі, — то цяпер атака ідзе і на іх постаці. У цяперашняй сытуацыі ніхто ва ўладзе не рызыкуе сказаць нешта супраць прарасейскага імпэрскага наратыву?

— Я думаю, гэта проста спроба ў змаганьні з палітычнымі апанэнтамі змагацца зь іхнымі сымбалямі. Ва ўлады якая ідэалягічная аснова? «Вялікая Айчынная вайна», і нічога іншага няма. Усё астатняе, што грамадзтва спрабавала выгадаваць, а дзяржава была нібыта ня супраць (бо гэта сымпатычна выглядала, Нясьвіж, помнікі Сапегу), — гэта ўсё раптам стала сымбалем грамадзтва.

І зараз яны на гэта нападаюць, бо на гэта зручна нападаць, бо ёсьць напрацаваныя мэтадычкі, у рускіх шавіністаў. Крытыка ідзе звычайна па ўжо падрыхтаваных каналах. І ідэолягі такім чынам б’юць па сваіх апанэнтах. Іх ня дужа цікавіць Касьцюшка, я думаю. Яны, можа, і на адкрыцьці гэтага помніка былі. Яны каштоўнасьць гісторыі не разумеюць, для іх гэта проста інструмэнт змаганьня з палітычнымі апанэнтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці існуе ў Беларусі дзяржаўная ідэалёгія?

— А як варта назваць цяперашнюю новую форму, якую набывае дзяржаўная практыка і структура з улікам апошніх хваляў рэпрэсіяў? Аналітыкі ўжо гавораць пра пераход ад аўтарытарызму — да таталітарызму альбо да фашызму...

— На жаль, мы ўсё больш падыходзім да параўнаньня з фашызмам альбо сталінізмам. Відавочная спроба пабудаваць дыктатуру дзеля захаваньня ўлады. Мы і раней параўноўвалі, але раней гэта было да канца не апраўдана. А цяпер сучасная Беларусь усё бліжэй да фашызму і сталінізму.

Іншая справа, што ў іх нічога не атрымаецца. Бо фашызм — гэта рэпрэсіі плюс моцная ідэалёгія, якая ўсіх захоплівае. А ў нас рэпрэсіі ёсьць, але моцнай ідэалёгіі няма і быць ня можа.

— Сапраўды, усе дыктатарскія рэжымы, ад левых да правых, мелі сваю ідэалёгію: ад сацыялізму Кастра на Кубе ці апоры на ўласныя сілы, «чучхэ» ў Паўночнай Карэі — да кансэрватыўных і рэлігійных каштоўнасьцяў лацінаамэрыканскіх дыктатараў ці Франка ў Гішпаніі. Чаму рэжыму Беларусі, па-вашаму, ня ўдасца пабудаваць уласную ідэалёгію?

— Людзі павінны падтрымліваць тое, што робіць дзяржава, любыя рэжымы доўгатэрмінова трымаюцца толькі на згодзе, хаця б дастаткова істотнай часткі гэтых людзей. Сапраўды, усе дыктатарскія рэжымы XX стагодзьдзя трымаліся на пэўнай падтрымцы, якая дасягалася па-рознаму. Заўсёды была нейкая згода людзей, што менавіта так трэба. Была вера, што ўлада ўсё робіць правільна, вера, якой і блізка няма ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 траўня ў Беларусі і Расеі: сакральнае сьвята як інструмэнт палітыкі

— У Расеі, як падаецца, больш за палову грамадзян вераць, што вайна — гэта добра, Пуцін вялікі. Такі ў іх на сёньня грамадзкі кансэнсус (які, вядома, існуе да першай вялікай паразы). Чаму ў нас ня можа быць гэтаксама?

— Бо ў нас іншае грамадзтва. У Расеі грамадзтва больш падтрымлівае рэпрэсіі і ўсё, што робіць улада. Беларусы непазьбежна больш эўрапейскі народ, у нас людзі больш разумеюць, што такое самастойнасьць, самаарганізацыя і ўплыў грамадзтва на дзяржаву. Мы, як паказаў 2020 год, гэтага хочам, хочам, каб дзяржава была ўладкаваная менавіта з улікам думкі грамадзтва.

— Цяперашні ўхіл у шавіністычны расейскі наратыў — гэта неабходная даніна Крамлю як галоўнаму спонсару менскага рэжыму ці самадзейнасьць асобных прарасейскіх прапагандыстаў?

— Ідэалёгія — гэта ня тое, што можна сесьці і напісаць на аркушы паперы. Яна складаецца з таго, што ёсьць, з гісторыі і геаграфіі. Да жніўня 2020 году была даволі ўтульная для ўсіх ідэалёгія беларускай дзяржаўнасьці, дзе была «Вялікая Айчынная вайна», а побач Радзівіл і Нясьвіж. Але раптам, у разуменьні ўлады, «Радзівіл здрадзіў». І трэба запоўніць пустку. І яны бяруць тое, што ёсьць, найбліжэйшае. Найбліжэйшае — гэта корпус шавіністычных рускіх ідэяў. Я ня думаю, што гэта нейкі хітры плян.

— Але яны б маглі ўзяць нешта беларуска-савецкае. Расейска-шавіністычнае ва ўлады заўсёды выклікала пэўны недавер, яны ніколі гэта не прымалі так, як цяпер.

— Ведаеце, дзіўная штука атрымалася зь «беларуска-савецкім». Яго дзяржава не змагла пераўтварыць у ідэалёгію нават тады, на пачатку нулявых, калі было заданьне. Яны запусьцілі піянэраў, БРСМ — але так і не змаглі стварыць з савецкай ідэнтычнасьці нейкую ідэю, якая запальвала б, абнавіць яе.

А пасьля 2020 году ўжо ніхто ня ўзяўся будаваць гэтую складаную канцэпцыю адноўленай БССР, не да гэтага было. І яны ўзялі тое, што гарантавана магло па-хуткаму даць нейкі вынік. І гэта расейскі шавінізм. Тут зразумела, што гаварыць, зразумела, як будзе адгукацца. Таму яны гэта і ўзялі, у іх выбару не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзевяць прыкмет сучаснага фашызму. Праверце, ці пасуюць яны да падзеяў у Беларусі