Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка правядуць перамовы 23 траўня, паведаміў журналістам прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў.
«На панядзелак заплянаваная сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы», — цытуе ТАСС прадстаўніка Крамля. Паводле яго, гэта будзе «двухбаковы кантакт», пра які яны дамовіліся ў Маскве 16 траўня, падчас саміту Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы.
Пасьля той сустрэчы лідэраў АДКБ Пуцін прыняў Лукашэнку ў сваім кабінэце. Перамовы доўжыліся каля 40 хвілін. Паводле прэс-службы Лукашэнкі, за гэты час яны пасьпелі абмеркаваць пытаньні імпартазамяшчэньня, перавалкі грузаў зь Беларусі ў партах Расеі і будаўніцтва беларускага порту пад Санкт-Пецярбургам, сумеснай працы ў галіне ракетабудаваньня.
Неўзабаве пасьля анонсу маючых адбыцца перамоваў прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што той ужо «накіраваўся з працоўным візытам у Расею».
Лукашэнка рэгулярна лятае на сустрэчы з Пуціным, але апошнім часам частата сустрэч рэзка ўзрасла. Гэтая ўжо будзе пятай ад пачатку году.