Лукашэнка пра тых, хто зьехаў пасьля выбараў-2020: «Як уцякалі, так няхай і вяртаюцца»

Многія беларусы, якія зьехалі з краіны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года, хочуць вярнуцца, але «ня ведаюць, як гэта зрабіць», заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 траўня на сустрэчы зь піянэрскім актывам.

Пра гэта паведамляе BPN, прыводзячы словы Лукашэнкі, што пасьля выбараў «некаторыя ня згодныя з вынікамі галасаваньня грамадзяне, асабліва актыўна занятыя ў пратэстах, вырашылі зьехаць з краіны».

«Я ж атрымліваю інфармацыю: многія зь іх вельмі хочуць вярнуцца дадому, а ня ведаюць, як. Па-першае, сорамна, няёмка: уцяклі, а цяпер як вярнуцца? Няхай думаюць. Як беглі, так няхай і вяртаюцца», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завочныя суды, страта грамадзянства і прапанова стаць на калені. Чым беларускія ўлады пагражалі рэлякантам і як завабліваюць іх назад

Тэму вяртаньня грамадзян, якія пакінулі Беларусь, Лукашэнка падымаў 28 студзеня падчас свайго пасланьня:

«Мая вам парада: дадому, кайцеся і станавіцеся на калені, — сказаў тады ён. — Заплаціце штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду хаця б часткова, таму што на тое, што вы нарабілі, ня хопіць ні вашай уласнасьці, ні ўсяго таго, што вы заробіце наперад за сваё жыцьцё. Каму трэба, хто гэта заслужыў па законе, адседзіце ў „месцах не такіх аддаленых“».

Пасля 9 жніўня 2020 году Беларусь пакінулі сотні тысяч чалавек. Праваабаронцы паведамляюць пра частыя выпадкі, калі тых, хто хаця б ненадоўга вярнуўся ў Беларусь зь сямейных ці іншых патрэбаў, арыштоўваюць і судзяць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусу, які вярнуўся ў краіну на пахаваньне бацькі, далі два гады калёніі за пратэсты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба публічна, перад тэлекамэрамі, лупцаваць іх розгамі». «Або караць сьмерцю». Як у Беларусі помсьцяць за пратэсты