Юрыст пра магчымы вырак Аўтуховічу: «Расстраляць яго ня могуць, бо ягоныя дзеяньні не прывялі да гібелі людзей»

Мікалай Аўтуховіч. 2015

18 траўня пачаўся суд у справе Аўтуховіча: яго выстаўляюць кіраўніком тэрарыстычнай групоўкі. Дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамілі: Аўтуховіча абвінавацілі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, адзін зь якіх прадугледжвае расстрэл або пажыцьцёвае зьняволеньне.

Ці могуць Аўтуховіча сапраўды расстраляць па выніках гэтага суду, «Наша ніва» спытала юрыста Паўла Сапелку.

У артыкуле 59 Крымінальнага кодэксу Беларусі напісана: «у якасьці выключнай меры пакараньня дапускаецца прымяненьне сьмяротнага пакараньня (расстрэлу) за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця чалавека пры абцяжлівых абставінах».

«Цяпер гэтая норма была зьмененая. Былі прынятыя папраўкі, згодна зь якімі сьмяротнае пакараньне магчымае нават у выпадку замаху на зьдзяйсьненьне тэракту. Але Аўтуховіча судзяць яшчэ па старым заканадаўстве, бо ягоныя ўчынкі былі зробленыя да ўвядзеньня паправак. Адпаведна, расстраляць яго ня могуць, бо ягоныя дзеяньні не пацягнулі гібель людзей», — тлумачыць выданьню юрыст Павал Сапелка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Горадні ў турме пачаўся суд у «справе Аўтуховіча». У клетках 12 чалавек, Аўтуховічу пагражае сьмяротная кара

Мікалая Аўтуховіча і шэраг зьвязаных зь ім, на думку сьледзтва, людзей, затрымалі ў сьнежні-студзені 2020 году. Улады адразу абвясьцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Усяго ў «справе Аўтуховіча» 12 фігурантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сядзіць у адзіночцы, не атрымлівае лістоў. Што цяпер зь Мікалаем Аўтуховічам, якога абвінавачваюць паводле «расстрэльнага» артыкула

Мікалай Аўтуховіч абвінавачваецца паводле 12 артыкулаў КК РБ, сярод якіх здрада дзяржаве, садзейнічаньне ў тэрарыстычнай дзейнасьці, незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньне злачыннай арганізацыі, распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, кантрабанда, акт тэрарызму.