Зяленскі выступіў на адкрыцьці Канскага кінафэстывалю

Відэазварот прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага на цырымоніі адкрыцьця Канскага кінафэстывалю.

На цырымоніі адкрыцьця Канскага кінафэстывалю ў Францыі паказалі відэазварот прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага.

Як паведамляе The Guardian, Зяленскі заявіў, што ўкраінцы працягваюць змагацца за сваю свабоду, бо ў іх няма іншага выбару. Прэзыдэнт правёў паралелі паміж выявай вайны і дыктатуры на экране і тым, з чым у рэальнасьці сутыкнулася Ўкраіна. Ён згадаў фільмы «Вялікі дыктатар» з Чарлі Чапліным і «Апакаліпсіс сёньня» Фрэнсіса Форда Копалы. «Я ўпэўнены — дыктатар прайграе. Мы выйграем гэтую вайну. Слава Ўкраіне!» — заявіў Зяленскі.

У пачатку красавіка відэазварот Зяленскага паказалі ўдзельнікам цырымоніі ўручэньня амэрыканскай музычнай узнагароды «Грэмі». У ім прэзыдэнт Украіны заклікаў падтрымаць ягоную краіну ў вайне з Расеяй «любым спосабам». «Што менш за ўсё падобна на музыку, — спытаў гледачоў Зяленскі і сам жа адказаў на гэтае пытаньне: — Цішыня разбураных гарадоў і маўчаньне забітых людзей».

«Падтрымайце нас любым спосабам, не маўчыце, і тады мір прыйдзе ў нашы гарады», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскіх журналістаў уганаравалі Пулітцэраўскай прэміяй — адной з самых прэстыжных у галіне СМІ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На цырымоніі ўручэньня прэміі «Оскар» правялі хвіліну маўчаньня на знак салідарнасьці з Украінай