СК Беларусі прызнаў: Польшча адмовіла ў выдачы Пуцілы, а Літва — Ціханоўскай

Літоўскія і польскія дыпляматы перад выездам зь Беларусі на запатрабаваньне ўладаў, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота

Раней заснавальніка Nexta Сьцяпана Пуцілу і дэмакратычную лідэрку Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую беларускія ўлады абвясьцілі ў вышук.

Аб адмове ў экстрадыцыі з боку ўладаў Польшчы і Літвы заявіў старшыня Сьледчага камітэту Рэаспублікі Беларусь Дзьмітры Гара.

Сьцяпана Пуцілу ў Беларусі абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 і 3 арт. 293, ч. 1 і 2 арт. 342 КК Беларусі), а таксама ў распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК) і паводле шэрагу іншых артыкулаў.

26 студзеня суд у Варшаве не знайшоў юрыдычных падставаў для выдачы Сьцяпана Пуцілы беларускім уладам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі завялі справу супраць польскага судзьдзі, які адмовіў у выдачы Пуцілы беларускім уладам

У сваю чаргу ўлады Літвы неаднаразова заяўлялі, што таксама ня выдадуць Сьвятлану Ціханоўскую Лукашэнку.

«Я думаю, у кіраўніцтве Беларусі добра разумеюць: любы запыт аб выдачы Святланы Ціханоўскай будзе дзеяньнем чыста рытуальным. Літва не выдае людзей, якія зазнаюць палітычны перасьлед. У Менску выдатна ведаюць, які адказ мы ім дамо», — заяўляў год там намесьнік кіраўніка літоўскага МЗС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд Беларусі прызнаў каналы праекту Nexta «тэрарыстычнай арганізацыяй»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі накіравала ў Літву просьбу аб экстрадыцыі Ціханоўскай, Літва не зьбіраецца яе выдаваць