У канцы красавіка стала вядома, што скаргу на прысуд Ігару Лосіку і шэрагу іншых палітвязьняў будуць разглядаць у Вярхоўным судзе 31 траўня.
Прысуд, паводле якога Ігар атрымаў 15 гадоў калёніі, агучылі яшчэ 14 сьнежня мінулага году. Увесь гэты час журналіст Свабоды знаходзіўся ў СІЗА-3 Гомля, куды яго перавялі са сьледчай турмы Жодзіна амаль год таму. У калёнію Ігара Лосіка перавязуць толькі пасьля разгляду апэляцыі. Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала апошнія навіны пра мужа.
«Справу Ігара перадалі ў Вярхоўны суд, і мы чакаем разгляду апэляцыі, таму спатканьняў нам да апэляцыі не даюць, – расказвае Дар’я. – Такая склалася практыка. Таму, пэўна, маё бліжэйшае спатканьне з Ігарам будзе ўжо на наступны дзень пасьля апэляцыі».
Ці будзе Ігар асабіста прысутнічаць на разглядзе скаргі, ніхто пакуль ня ведае. Па словах Дар’і Лосік, яна амаль перакананая, што ейнага мужа і іншых абвінавачаных у Менск на паседжаньне не павязуць. Па яе словах, цяпер у Ігара найбольшая праблема – амаль поўная забарона на перапіску. Яна цягнецца ўжо больш за два месяцы.
«Чалавека асудзілі на 15 гадоў, які сэнс яму зараз блякаваць лісты ад іншых людзей? – наракае Дар’я Лосік. – Яны трацяць свае грошы, купляюць канвэрты, паштоўкі і маркі, каб нешта паслаць Ігару. Ніводнага ліста ад няродных ён не атрымаў, пачынаючы з канца лютага. Акурат з пачатку вайны. Як толькі яна пачалася, то лісты перасталі даходзіць. Хаця ў Ігара неўзабаве будзе дзень народзінаў (20 траўня). Я ўпэўненая, што людзі будуць яму пісаць. Але ад таго, што нехта мае схільнасьць да садызму, лістоў ён гэтых не атрымае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Праяжджаю 900 кілямэтраў двойчы на тыдзень, каб прывезьці яму перадачу». Дар'я Лосік — пра сьмеласьць і вернасьцьЯк расказвае Дар’я, Ігар Лосік ужо больш за два месяцы атрымлівае лісты толькі ад яе, бацькоў і часам ад цёткі і брата. Больш нічыіх лістоў яму не аддаюць.
«Апошні раз я Ігара бачыла ў канцы красавіка, гэта было з дазволу Гомельскага абласнога суду, – гаворыць Дар’я. – Лісты ад яго даходзяць розныя. Быў шэраг вельмі пазытыўных лістоў. Мы ўспаміналі зь Ігарам, як жылі да ўсяго гэтага жаху. Абмяркоўвалі, што хацелі б зрабіць пасьля, калі гэта ўсё будзе пройдзена. Ігар пытае, чым бы я хацела займацца, дзе я хацела б працаваць. Такія побытавыя моманты. Але праскоквалі і лісты, дзе Ігар піша пра тое, што яму ўсё надакучыла. Што ён два гады знаходзіцца ў каменным мяху проста так, асуджаны ні за што на 15 гадоў. Яму цяжка».
У перапісцы з роднымі сам Ігар Лосік моцна наракае на забарону на перапіску. Па яго словах, гэтую забарону ў СІЗА ніяк не тлумачаць.
«Лістоў мне ўвогуле не аддаюць, – піша Ігар Лосік. – Без тлумачэньня прычын, як звычайна. Дзіўнае рашэньне, улічваючы, што я на ўліку як схільны да суіцыду. Шкада, людзі марнуюць грошы, час, эмоцыі, а гэта ўсё на сьметнік ідзе праз кагосьці, хто, мабыць, схільны да садызму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я напісала першай». Гісторыя каханьня Ігара і Дар’і ЛосікаўДар’я таксама расказвае аб праблемах са здароўем у Ігара. Ён мае стары гастрыт, лячыць які ва ўмовах СІЗА праблематычна. Палітвязень таксама скардзіцца на вочы – за два гады зьняволеньня ў яго моцна пацярпеў зрок. У камэры няма сьвятла і да таго ж проста фізычна няма куды глядзець на далёкія адлегласьці, што неабходна для захаваньня вастрыні зроку.
«Ігар таксама вельмі моцна скардзіцца на тое, што не дазваляюць перадаць мне ягоныя рэчы, – гаворыць Дар’я Лосік. – Ён даўно на гэта скардзіцца. У Ігара за два гады сабралася шмат рэчаў, у яго неўзабаве новы этап у калёнію. Таму Ігар хоча перадаць частку зь непатрэбнага мне, перавозіць іх потым з закутымі ў кайданкі рукамі вельмі складана. У калёніі зусім іншыя правілы, там патрэбны іншыя рэчы. Каб перадаць, Ігар ужо напісаў каля 10 заяваў на імя начальніка СІЗА-3 Гомля Рубанава А.А., але адказу на іх няма. Альбо начальнік СІЗА-3 вельмі моцна заняты, альбо ён прынцыпова не разглядае заявы ад Ігара. Я схіляюся да другога варыянту».
Нягледзячы на невялікія шанцы пабачыць Ігара ў залі Вярхоўнага суду, Дар’я зьбіраецца асабіста прыехаць 31 траўня ў Менск і паспрабуе трапіць на паседжаньне.
«Вядома, я там буду, – кажа яна. – Я думаю, мне не дадуць трапіць у памяшканьне, дзе будзе праходзіць разгляд апэляцыі. Дзе нам скажуць, што прысуд пакідаюць у сіле. Альбо яшчэ нешта прыдумаюць. Але ў сам Вярхоўны суд я пляную трапіць. Падчас апэляцыі я ў любым выпадку буду ці ля Вярхоўнага суду, ці недзе унутры будынка».