У Чэхіі распрацоўваюць закон, які зробіць міграцыю грамадзян Беларусі ў гэтую краіну немагчымай

Міністэрства замежных спраў Чэхіі падчас візыту туды Ўладзімера Макея, 16 чэрвеня 2017 году.

МУС Чэхіі у супрацы з МЗС краіны распрацоўвае закон, які зробіць міграцыю грамадзян Расеі і Беларусі ў Чэхіі, па сутнасьці, немагчымай.

Пра гэта паведамляюць беларускія актывісты ў Чэхіі.

Як пішацца ў паведамленьні беларусаў, гэтая інфармацыя раней гучала ў СМІ на ўзроўні плянаў пасьля сканчэньня крызіснага становішча ў сувязі з пандэміяй, але аб распрацоўцы канкрэтнага закона стала вядома толькі ў пятніцу 6 траўня, апошні дзень, калі грамадскасці можна было дасылаць заўвагі.

Тым ня менш, адвакаты Toloka, z. s. пасьпелі даслаць заўвагі, якія адлюстроўваюць нязгоду чэскіх беларусаў з тымі мерамі, якія павінны стаць зьместам закону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Ціханоўскай: Беларусы і далей будуць атрымліваць шэнгенскія і нацыянальныя візы ў краіны Эўразьвязу

У панядзелак 9-га траўня адбудзецца абмеркаваньне заўвагаў адвакатаў, пасьля чаго МУС Чэхіі павінна падрыхтаваць фінальны праект закону, які пойдзе на чытаньне ў ніжнюю палату парлямэнту па скарочанай працэдуры.

Азнаёміцца са зьместам будучага закону і афіцыйнымі заўвагамі іншых суб’ектаў права можна тут.

Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны ўрад Чэхіі ўжо быў перастаў выдаваць візы беларусам, але пасьля захадаў офісу Сьвятланы Ціханоўскай і прдстаўнікоў беларускай дыяспары было абвешчана, што рашэньне будзе перагледжана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не дапусьціць стыгматызацыі беларусаў у сьвеце». Што робіць штаб Ціханоўскай, каб адказнасьць за вайну не ўскладалі на ўсіх беларусаў

Беларусы Чэхіі таксама накіравалі падзяку ў Міністэрства культуры Чэскай рэспублікі, якое адзінае сярод чэскіх міністэрстваў сфармулявала па змесце закону заўвагі, якія адлюстроўваюць пазыцыю беларускай нацыянальнай меншасьці і, у адрозьненьне ад самога закону, улічваюць рэальную сытуацыю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія забараніла грамадзянам Расеі і Беларусі атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі. Эстонія будзе даваць ВНЖ толькі як выключэньне