Сьледчы камітэт завяршыў сьледзтва адносна палітзьняволенай Тацяны Вадалажскай

Тацяна Вадалажская, архіўнае фота, 2016 год

Сьледзтва ў дачыненьні да палітзьняволенай сацыёляга Тацяны Вадалажскай завершана, паведамляе БелаПАН са спасылкай «Беларускую Раду культуры».

Упершыню Вадалажская была затрыманая пасьля ператрусу 4 жніўня 2021 году і атрымала 10-сутачны арышт. Яе адпусьцілі 14 жніўня ў статусе падазронай па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Вадалажскую некалькі разоў выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт. У сакавіку яна зьвярнулася ў СК па дазвол паехаць у Літву на лячэньне, 23 сакавіка накіравалася ў СК за адказам, але ёй прад’явілі пастанову аб узяцьці пад варту.

48-гадовая Вадалажская — праграмны каардынатар ініцыятывы «Лятучы ўнівэрсытэт», якую прасоўваў філёзаф і мэтадоляг, палітвязень Уладзімір Мацкевіч. Таксама яна член міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «ЭўраБеларусь» (рэгістрацыя ў Літве). Летась у жніўні ў актывістаў гэтага аб’яднаньня прайшлі ператрусы. Таксама Вадалажская супрацоўнічала з Агенцтвам гуманітарных тэхналёгій і Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі.

Палітзьняволеную ўтрымліваюць у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 сакавіка: у Чэрыкаве затрымалі пратэстанцкага пастара; ператрусы да Дня Волі ў Наваполацку і Янаве