Ціханоўская: У беларускіх гарадах абавязкова зьявяцца вуліцы і помнікі Шушкевічу

Сьвятлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская выказала спачуваньні родным і блізкім Станіслава Шушкевіча.

«Сёньня ўначы памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, — цытуюць Сьвятлану Ціханоўскую ў яе тэлеграм-канале. — Я хачу выказаць шчырыя спачуваньні родным і блізкім Станіслава Станіслававіча. Гэта вялікая страта для яго сям’і і для ўсёй нашай краіны.

Шушкевіч стаў адным з айцоў беларускай незалежнасьці — ён на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету паспрыяў наданьню Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. Менавіта Шушкевіч 25 жніўня 1991 году ў прамой трансьляцыі павіншаваў беларусаў з абвяшчэньнем незалежнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Івонка Сурвіла: Беларусь страціла вялікага і добрага чалавека

Але Станіслаў Шушкевіч быў ня проста першым кіраўніком Беларусі. Ён вядомы навуковец, доктар фізыка-матэматычных навук, былы прарэктар Менскага радыётэхнічнага інстытуту і Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам нэўтралітэту Беларусі. Гэта пры ім Беларусь добраахвотна і без аніякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі, якая заставалася на тэрыторыі краіны. Ён засьпеў вайну і памятаў, што гэта такое — таму рабіў усё, каб яна не паўтарылася. Падчас Другой сусьветнай вайны Станіслаў Шушкевіч з маці і бацькам жыў у акупаваным нацыстамі Менску. У яго доме тры гады хаваўся габрэйскі хлопчык, але ніводзін беларус не данёс, хаця за неданясеньне нацысты забівалі людзей. Станіслаў Станіслававіч казаў, што „гэты час успамінае як адзін з самых лепшых, калі людзі згуртаваліся і аб’ядналіся адной ідэяй — дажыць да лепшага жыцьця“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Дабравольскі: Мы пачулі прамову Шушкевіча і адразу вырашылі ўступіць у ягоную каманду

Цяпер беларусы зноў згуртаваліся і аб’ядналіся адной ідэяй. І калі скончыцца акупацыя Беларусі, калі мір, закон і сувэрэнітэт вернуцца ў Беларусь, у беларускіх гарадах абавязкова зьявяцца вуліцы і помнікі Станіславу Шушкевічу — чалавеку, чый шлях да вольнай, мірнай і незалежнай Беларусі мы працягваем дзень за днём».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шушкевіч станецца героем маіх кніг», — Уладзімер Арлоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цана «дыяманту»: памяці Станіслава Шушкевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго імя назаўсёды ўвайшло ў гісторыю». Беларусь і сьвет пра Станіслава Шушкевіча