Латушка абмеркаваў з кіраўніцтвам Польшчы падтрымку дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі і прымяненьне санкцый

Павал Латушка, былы міністар культуры і амбасадар, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК) Павал Латушка на запрашэньне прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ўзяў удзел 3 траўня ў Варшаве ў мерапрыемствах з нагоды нацыянальнага сьвята Польшчы — Дня Канстытуцыі,прынятай у гэты дзень у 1791 годзе Рэччу Паспалітай.

У ходзе гутаркі з Дудам Латушка падкрэсьліў, што «Канстытуцыя 3 траўня зьяўляецца агульнай гістарычнай спадчынай для польскага, беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў», паведаміў тэлеграм-канал палітыка.

Прэзыдэнт Польшчы зазначыў, што падчас міжнародных кантактаў «не забываецца падкрэсьліваць важнасьць падтрымкі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ў барацьбе супраць дыктатуры за сувэрэнітэт і незалежнасьць».

Падчас размовы з прэмʼер-міністрам Матэвушам Маравецкім «асаблівая ўвага была нададзена пытаньням прымяненьня санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, якія павінны быць раўназначнымі як для Расеі, так і рэжыму ў Беларусі». Таксама абмеркавалі эфэктыўнасьць прымяненьня пакету нацыянальных санкцый Польшчы ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Маравецкі і Латушка дамовіліся аб падтрыманьні працоўных кантактаў «у выпрацоўцы найбольш эфэктыўных інструмэнтаў санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай прыцягненьня яго да адказнасьці за рэпрэсіі і спыненьне ягонага саўдзелу ў вайне супраць Украіны».

Кіраўнік НАК у размове зь міністрам замежных спраў Польшчы Зьбігневам Раў «зьвярнуў асобную ўвагу на неабходнасьць дакладнай стратэгіі Эўрапейскага зьвязу, накіраванай на забесьпячэньне незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латушка: Аўстрыя панізіць узровень дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі да часовага паверанага ў справах