Брытанскае міністэрства абароны: 9 траўня Пуцін можа абвясьціць аб усеагульнай мабілізацыі

Сяргей Шайгу і Ўладзімір Пуцін

У міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што Ўладзімір Пуцін можа абвясьціць аб усеагульнай мабілізацыі падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі 9 траўня.

Брытанскі міністар абароны Бэн Ўолэс у этэры радыёстанцыі LBC сказаў, што расейскі прэзыдэнт можа абвясьціць вайну «сусьветнаму нацызму». Паводле яго, Пуцін можа гэта зрабіць «дзеля апошняга ўдару па Ўкраіне». Уолэс лічыць, што масавая мабілізацыя ў Расеі стала б «прызнаньнем правалу».

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў.

Аляксей Данілаў

«Што датычыць сытуацыі 9 траўня: ёсьць інфармацыя ад нашай вайсковай выведкі, што Расея 9 траўня абвесьціць усеагульную мабілізацыю. Цяжка сказаць, наколькі гэта ім дапаможа і як гэта ў канчатковым выніку стане праблемай для Пуціна», — сказаў ён.