У дакумэнце адзначана, што ў 2021 годзе «Лукашэнка ўтрымаў уладу ў Беларусі з дапамогай рэпрэсій і запалохваньняў і стабілізаваў рэжым». «Пратэсты апазыцыі не аднавіліся, і, верагодна, рэжым не адчувае наўпроставых унутраных пагроз свайму выжываньню, — мяркуюць літоўскія спэцслужбы. — Каб захаваць рэшткі грамадзкай падтрымкі і павялічыць шанцы на максымальна доўгае ўтрыманьне ўлады, Лукашэнка імітуе зьмену рэжыму. Ён памілаваў дзясяткі арыштаваных пратэстоўцаў, нібыта правёў „канстытуцыйную рэформу“ і абвясьціў новае дзяржаўнае сьвята — „Дзень народнага адзінства“. Аднак найбліжэйшым часам рэжым наўрад ці пойдзе на дыялёг з апазыцыяй».
У спробе «больш эфэктыўна кантраляваць грамадзтва», беларускі рэжым «зьмяняе законы, узмацняе пакараньне за іх парушэньне і пашырае ролю сілавога блёка, сотні тэлеграм-каналаў, якія сталі крыніцай навінаў для беларусаў, былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
«Людзей перасьледуюць за публічнае вывешваньне нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга і герба „Пагоня“, — канстатавана ў справаздачы. — Прадстаўнікоў апазыцыі ўносяць у сьпіс тэрарыстаў, а сілавікоў, якія заслужылі давер, прызначаюць на важныя пасады. Каб пазьбегнуць новай хвалі пратэстаў, мясцовыя выбары перанесеныя са студзеня 2022 года на 2023 год, яны пройдуць разам з парлямэнцкімі выбарамі. Гэта сьведчыць пра тое, што рэжым не гатовы рызыкаваць і імкнецца адтэрмінаваць любую праверку стабільнасьці палітычнай сыстэмы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне Лукашэнка цяпер — «Саша 3%». Вынікі апытаньняРэжым «стварае адчуваньне татальнага кантролю і непазьбежнасьці пакараньня, распаўсюджваючы рэпрэсіі на прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва Беларусі, якія «публічна ці ў прыватным парадку выказваюць крытыку». Каб «ачысьціць інфармацыйную прастору ад дыскрэдытуючых паведамленьняў, асаблівая ўвага надаецца беларускім і нават расейскім апазыцыйным журналістам, парталам і блогерам».
«Заблякаваны найбуйнейшы партал навін tut.by, перасьледуюцца журналісты незалежнага тэлеканала „Белсат“, які працуе з Варшавы. Беларускі рэжым вымусіў закрыцца рэдакцыю „Камсамольскай праўды ў Беларусі“ у адказ на публікацыю нязручнага для ўладаў артыкула пра забойства супрацоўніка КДБ падчас перастрэлкі», — гаворыцца ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазыцыя Лукашэнкі адносна вайны ва Ўкраіне не дадала яму легітымнасьціТакім чынам, рэжым «усё больш набывае рысы таталітарнага праўленьня», яго «больш не задавальняе просты палітычны кантроль над краінай, ён імкнецца да поўнага падпарадкаваньня ўсіх беларусаў як у грамадзкім, так і ў прыватным жыцьці».
«Беларускі рэжым абмяжоўвае свабоду перамяшчэньня сваіх грамадзян, блякуе агенцтвы навін і закрывае розныя няўрадавыя арганізацыі, — адзначылі аўтары справаздачы. — Нарэшце, большая частка эканомікі краіны кантралюецца і кіруецца рэжымам або зьвязанымі зь ім асобамі. Рэжым, заснаваны толькі на рэпрэсіях і пазбаўлены хаця б найменшай павагі да чалавечага жыцьця і годнасьці, зьяўляецца асноўнай крыніцай нестабільнасьці ў рэгіёне».
Літоўскія спэцслужбы лічаць, што доўгатэрміновая мэта Лукашэнкі заключаецца ў «легітымацыі рэжыму і нармалізацыі адносін з Захадам». У найбліжэйшай пэрспэктыве «ключавой задачай для Менска стане прадухіленьне новых санкцый і спроба адмены ўжо ўведзеных абмежаваньняў». Для дасягненьня сваіх мэтаў, Лукашэнка «выкарыстоўвае розныя асымэтрычныя інструмэнты ўплыву на Літву і іншыя краіны Захаду». У ход ідуць «пагрозы, дыпляматычны і эканамічны ціск, прапаганда і дэзынфармацыя, юрыдычныя мэханізмы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыгоравіч заседзеўся і страціў нюх», — аўтар кнігі пра Лукашэнку, які называў яго «гарманічным» і «адкрытым»