Амбасадар ЗША пры АБСЭ: заявы, што краіны NATO нібыта рыхтуюць напад на Беларусь, гэта «фантазіі» і «праекцыя»

Амбасадар ЗША пры АБСЭ Майкл Карпэнтэр

Амбасадар ЗША пры АБСЭ Майкл Карпэнтэр на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваў заявы з боку прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што краіны NATO нібыта рыхтуюцца да агрэсіі супраць Беларусі. Ён назваў гэтыя заявы «фантазіямі» і «клясычным выпадкам праекцыі».

«Я б хацеў нагадаць, што за тыдзень да расейскага ўварваньня, якое адбылося 24 лютага, тут, у АБСЭ, на гэтым форуме для супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі, мы зьвярнуліся да так званага Венскага дакумэнту, які зьяўляецца інструмэнтам для празрыстасьці ў вайсковай сфэры», — сказаў Карпэнтэр на онлайн-брыфінгу для прэсы з Брусэлю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парадак вываду расейскіх войскаў зь Беларусі «знаходзіцца ў стадыі ўзгадненьня». Улады адказалі на запыт Латвіі, Літвы і Эстоніі

«Мы ўжылі гэты дакумэнт датычна Расеі, але таксама і да Беларусі, — сказаў амбасадар ЗША пры АБСЭ. — Мы патрабавалі ад Беларусі тлумачэньняў пра тое, навошта расейскія войскі застаюцца ў краіне пасьля вучэньняў, у якіх яны нібыта ўдзельнічалі. І мы задавалі канкрэтныя пытаньні пра тое, ці могуць гэтыя войскі быць скарыстаныя для ўварваньня ва Ўкраіну. Прадстаўнікі Беларусі ў АБСЭ цалкам хлусілі і ня мелі ніякіх тлумачэньняў, навошта там знаходзіліся расейскія войскі.

У выніку мы пабачылі, што Беларусь скарысталі як пляцоўку для ўварваньня ва Ўкраіну. І да сёньняшняга дня мы назіраем абстрэлы з тэрыторыі Беларусі. Таму Беларусь зьяўляецца суагрэсарам у гэтай вайне. І яна павінна несьці адказнасьць, гэтаксама як Расея і расейскія войскі аднойчы панясуць адказнасьць.

Усе гэтыя заявы, што яны знаходзяцца пад пагрозай, — гэта фантазіі і клясычны выпадак праекцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магчымасьць манэўраваць у беларусаў скончылася. Рабіце празаходні выбар», — былы прэзыдэнт Польшчы Камароўскі

Старшыня Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч у этэры тэлеканалу «Беларусь 1» 17 красавіка абвінаваціў Польшчу і Літву ў магчымай падрыхтоўцы да агрэсіі супраць Беларусі і прыгразіў гэтым краінам разбурэньнямі і гібельлю людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вальфовіч: «Не атрымаецца, што Захад разьвяжа агрэсію супраць Беларусі, і вайна будзе ісьці толькі тут. На іх тэрыторыі таксама будзе»